Апублікаваная праграма «Белай Русі» трохі адрозніваецца ад праекта. Але змены надта красамоўныя

«Белая Русь» апублікавала сваю праграму. У зацверджанай праграме, у параўнанні з раней апублікаваным праектам, зʼявілася дзве прынцыповыя змены, заўважыў «Спутник».

21.03.2023 / 15:28

Устаноўчы з'езд партыі «Белая Русь»

У новай апублікаванай праграме цяпер наўпрост гаворыцца, што «Белая Русь» абʼядноўвае прыхільнікаў Лукашэнкі.

«БП «Белая Русь» пазіцыянуе сябе як абʼяднанне прыхільнікаў Першага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое імкнецца захаваць і развіць яго ідэі і прынцыпы пабудовы суверэннай беларускай дзяржавы», — так напісана ў праграме, размешчанай на сайце партыі.

У праекце праграмы Лукашэнка не згадваўся.

Таксама ў праекце адной з эканамічных мэт было заяўлена «ліквідаванне залежнасці ад знешніх рынкаў, у першую чаргу ад паставак вуглевадароднай сыравіны». У канчатковай рэдакцыі фразу аб вуглевадародах прыбралі. Гаворыцца толькі аб устараненні залежнасці ад негатыўных знешніх фактараў і дыверсіфікацыю экспартных патокаў.

Новая пралукашэнкаўская партыя была заснавана на зʼездзе 18 сакавіка 2023 года ў Мінску на базе рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Белая Русь». Старшынёй абралі Алега Раманава, які да гэтага ўзначальваў згаданую грамадскую арганізацыю. Таксама ў нядаўнім мінулым ён быў рэктарам Полацкага дзяржуніверсітэта.

Як сцвярджаюць улады, у новай партыі — каля 16 тысяч сяброў.

Nashaniva.com