Дзе адсвяткаваць Дзень Волі за мяжой АФІША

Канцэрт Лявона Вольскага, спектакль па рамане Някляева, мітынгі і прэзентацыі. Сабралі афішу мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі, у Польшчы, Літве і Грузіі.

22.03.2023 / 19:52

Фота: Барыс Гарэцкі

Вільня

На тыдні перад Днём Волі адкрылася выстава, прысвечаная палітыку і палітвязню Мікалаю Статкевічу. Выстава праходзіць у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы на Zygimantu g.1.

Напярэдадні свята, у пятніцу 24 сакавіка, адбудзецца вялікі электрычны канцэрт гурта VOLSKI да 105-й гадавіны БНР. Прагучыць каля 30 песень, будуць запрошаныя госці, а таксама чакаецца прэзентацыя новай песні. Квіткі можна набыць тут.

У Дзень Волі святкаванні пачнуцца ад раніцы. У 10:45 арганізатары прапануюць наведаць могілкі Росы, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы 1863—1864 гадоў. Акрамя капліцы з іх парэшткамі, можна будзе наведаць і могілкі беларускіх асветнікаў, братоў Антона і Івана Луцкевічаў.

З 11:30 да 12:00 запланаваны аўтапрабег з бчб-сцягамі ад Росаў да Лукішскай плошчы, на які трэба папярэдне запісацца тут. У наступныя паўгадзіны на Лукішскай плошчы пройдзе мітынг.

Далей можна будзе або працягнуць святкаванне ў Вільні, або паехаць у Коўна на адкрыццё адноўленага помніка беларускаму грамадскаму дзеячу Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Калі вы абіраеце першы варыянт, то ініцыятыва «Двары Вільні» прапануе з 12:30 да 14:00 маляваць на плошчы вялікі бчб-сцяг крэйдай. Калі ж вы кіруецеся ў Коўна, то з 12:30 да 13:10 можаце паўдзельнічаць у аўтапрабегу са сцягамі ад Лукішскай плошчы да прыпынку Vievis, што знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Вільні.

З 13:10 да 13:30 ахвотныя паехаць у Коўна збіраюцца на гэтым прыпынку, і да 14:40 прадоўжыцца пераезд да месца адкрыцця помніка Дуж-Душэўскаму. Адрас наступны: Petrašiūnai Cemetery, M. Gimbutienės g. 28, 52379, Kaunas. З 15 да 16 гадзін на могілках будуць адкрываць мемарыял, а далей арганізатары адводзяць тры гадзіны на вяртанне да Вільні.

З 19 да 20 гадзін ля беларускага пасольства ў Вільні (Mindaugo g. 13) пройдзе мітынг-канцэрт з запальваннем памятных лампадак і хвілінай памяці ў гонар загінулых за вольную Беларусь.

26 сакавіка можна будзе далучыцца да святочнага шпацыра, прысвечанага дзеячам БНР. Для гэтага прыходзьце ў 14 гадзін у Базыльянскія муры (Aušros vartų 7B). Пасля шпацыру, які скончыцца прыкладна ў 15:45, запланаваная лекцыя па гісторыі БНР ад навукоўца Сяргея Харэўскага (Музей ім. Івана Луцкевіча, Vilniaus 20, 16 гадзін). Пасля лекцыі, у 17 гадзін, пачнецца караоке па-беларуску з Іллём Маліноўскім: да 18 гадзін можна будзе праспяваць любімыя песні накшталт «Муроў» ці «Трох чарапах».

Варшава

Напярэдадні Дня Волі, 24 сакавіка ў 17 гадзін, у Варшаве прэзентуюць кнігу пра Алеся Бяляцкага пад назвай «Алесь». Падзея адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11), у прэзентацыі возьме ўдзел жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, а таксама сябры і калегі нобелеўскага лаўрэата. Пасля прэзентацыі можна будзе набыць кнігу і атрымаць аўтограф спадарыні Наталлі.

Распачаць святкаванне Дня Волі ў польскай сталіцы можна на Замкавай плошчы каля калоны Жыгімонта. 25 сакавіка ў 13 гадзін у гэтым месцы збяруцца беларусы Варшавы, каб праспяваць родныя гімны. Далей беларусы пройдуць маршам па цэнтральных вуліцах Варшавы, і арганізатары прапануюць рыхтаваць для гэтага сцягі і плакаты.

У 15 гадзін каля Беларускага моладзевага хаба (аднаго з арганізатараў падзеі) пачнецца мітынг-канцэрт, які можна будзе пабачыць і ў трансляцыі ад «Белсата». Абяцаюць выступы буйных палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, а таксама гэта шанс патанцаваць і паспяваць песні вядомых гуртоў і музыкаў, сярод якіх:

Спампаваць спеўнік для святочнага канцэрта можна тут.

Пасля канцэрта, які скончыцца бліжэй да 18-ці гадзін, можна будзе працягнуць святкаванне ў беларускіх ці польскіх корчмах разам з беларускімі сябрамі.

Беласток

У гэтым падляшскім горадзе, мабыць, самая багатая на падзеі праграма Дня Волі. 21 сакавіка ў хабе «Новая Зямля» (Kardynała Stefana Wyszyńskiego 6A) адкрылася святочная выстава «БНР-105».

24 сакавіка ў «Новай Зямлі» ладзяць гульню-квіз «Што ты ведаеш пра БНР», пераможцам абяцаюць раздаваць прызы. Нарэшце, у сам Дзень Волі ў 14 гадзін на плошчы Касцюшкі, ля помніка Пілсудскаму, пройдзе святочная акцыя. Пасля яе, з 15:30 да 17:30, у памяшканні WANS (Усходняя акадэмія прыкладных навук, Ciepła 40) пройдзе святочны канцэрт.

Таксама 25 сакавіка ў 11:30 у дольным касцёле св. Аляксандра (плошча Трох Крыжоў) адбудзецца Святая Імша з малітвай за Беларусь, якую ўзначаліць ксёндз Вячаслаў Барок. Пасля, у 12:30, тэатр «Купалінка» запрашае на спектакль «На вальніцы» паводле рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Біном». Паўтор адбудзецца 26 сакавіка ў 12:30.

І гэта не ўсё.

26 сакавіка ў 14:00 беларуская дыяспара Беластока запрашае на пікнік на пляцоўцы Polana Kopna Góra.

27 сакавіка ў 19:30 у «Новай Зямлі» пройдзе святочная «Мова нанова».

Нарэшце, 31 сакавіка ў 19:00 беларусаў клічуць у «Новую Зямлю» на спектакль фрык-тэатра EX TEMPORE пад назвай «Маскі. Рэтраспектыўны зрэз інстынкту самазахавання. Манадрама».

Тбілісі

І ў Грузіі беларусы будуць святкаваць Дзень Волі. Калі вы знаходзіцеся ў Тбілісі, 25 сакавіка можна далучыцца да мітынгу — бярыце з сабой сцягі і плакаты. У 14:00 яго ўдзельнікі збіраюцца ля Першай гімназіі (вось гэтае месца на мапе). З 14:30 да 15:30 адбудзецца святочны марш і ўрачысты мітынг, падчас якіх можна будзе праспяваць нацыянальныя беларускія гімны (паўтараем словы тут). На мітынгу можна будзе выступіць са сваёй прамовай, але арганізатары просяць загадзя ўзгадніць яе тэкст — для гэтага дасылайце яго на адрас belromatut@gmail.com.

Далей распачнецца неафіцыйная частка свята, на якую тбіліскіх беларусаў клічуць у бар Bunker (9 0105 Mikheil Lermontovi St). Прыходзьце туды ў 16 гадзін, каб паўдзельнічаць у квізе (рэгістравацца на яго просяць тут), паслухаць выступы беларускіх музыкаў і стэндап. Таксама ў планах караоке, дабрачынны аўкцыён і іншыя актыўнасці.

Батумі

На беразе Чорнага мора Дзень Волі будуць адзначаць найбольш актыўна. Усё распачнецца 25 сакавіка ў 11 гадзін са святочнага забегу са сцягамі, старт і фініш — ля вежы Алфавіт. Забег даўжынёй 5 кіламетраў пройдзе па бульвары, можна прыходзіць і падтрымліваць бегуноў.

У 15 гадзін беларусы Батумі збіраюцца ля сонечнага гадзінніка на Мелікішвілі, а ў 15:30 распачынаюць шэсце да плошчы Еўропы. З 16 да 18 гадзін на плошчы Еўропы адбудзецца мітынг.

Плануюць і неафіцыйнае святкаванне, напрыклад, у 19 гадзін распачнецца дваровая вечарына ў «аКсяродку» (4 Metaxa St), запрашаюць прыходзіць з пачастункамі. Будзе мангал, на якім можна будзе нешта пасмажыць. Далей, у 20 гадзін, распачнецца канцэрт. Сярод выступоўцаў абяцаюць Вожыка, Фёдара Жывалеўскага («Голая манашка») і гурт Dadoma, будзе вольная гітара і вольны мікрафон.

Карту ўсіх мерапрыемстваў у розных гарадах таксама можна паглядзець тут.

Гэта легендарнае фота з пратэстаў вы дакладна бачылі. Вялікае інтэрв’ю з яго аўтарам, якога эвакуявалі з Беларусі. «Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»

Паліна Шарэнда-Панасюк даслала з-за кратаў казку для сыноў: Чаму кіты выкідваюцца на бераг?

«Лукашэнка разлічвае не на дыялог — ён патрабуе прызнання». Дыскусія па матывах ліста Сярэдзіча

Nashaniva.com