«Байпол» лічыць падзеі ў Гродне інсцэніроўкай

«Байпол» выказаўся адносна афіцыйнай версіі ліквідацыі «тэрарыста» ў Гродне, назваў гэта пастаноўкай і нават назваў імя меркаванага выканаўцы галоўнай ролі.

21.03.2023 / 19:55

«Байпол» лічыць, што адзіная праўда, якую сказаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, расказваючы пра нібыта ліквідацыю 19 сакавіка ў Гродне па вуліцы Курчатава грамадзяніна Расіі Аляксея Ламакіна, які задумваў здзяйсненне тэрарыстычных актаў — гэта тое, што пашпарт грамадзяніна Расіі з'яўляецца падробленым.

Сам «Байпол» у ходзе правядзення праверкі нібыта атрымаў ад удзельнікаў плана «Перамога» аператыўную інфармацыю аб тым, што ніякага тэрарыста не існавала, а ўсе датычныя яго мерапрыемствы з боку КДБ — пастаноўка. Пры гэтым байполаўцы нават называюць асобу, якая меркавана грала ў гэтай пастаноўцы галоўную ролю, нібыта ўжываючы баявую гранату і загінуўшы ў ходзе штурму.

Паводле «Байпола», гэтым чалавекам быў дзейны супрацоўнік КДБ Аляксей Мікалаевіч Захараў, 18.04.1981 г. н., ураджэнец Гарадка Віцебскай вобласці. Ён нібыта праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці ў службе вонкавага назірання.

Гэтая інсцэніроўка, як сцвярджае «Байпол», праведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка з мэтай застрашвання беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам, а таксама для падняцця аўтарытэту КДБ перад Лукашэнкам.

Nashaniva.com