Памёр экс-кіраўнік ЦВК РФ Уладзімір Чураў, які праславіўся мянушкай «чараўнік» за арганізацыю фальсіфікацый на выбарах

Пра смерць былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Уладзіміра Чурава паведамілі «Ведомости». 17 сакавіка Чураву споўнілася 70 гадоў. Больш за тыдзень таму яму зрабілі аперацыю пасля шырокага інфаркту.

22.03.2023 / 11:21

 Уладзімір Чураў. Фота: Wikimedia Commons

Чураў кіраваў Цэнтрвыбаркамам РФ з 2007 па 2016 год.

Пасля свайго абрання старшынёй ЦВК у 2007 годзе ён паабяцаў, што зголіць бараду ў выпадку несумленных выбараў.

27 студзеня 2012 года дэпутат ад КПРФ Анатоль Локаць па даручэнні фракцыі падарыў Чураву нажніцы. «Размах парушэнняў такі, што трэба выконваць свае абяцанні і пагаліцца», — сказаў Локаць.

6 снежня 2011 года, пасля падвядзення вынікаў галасавання на выбарах у Дзярждуму, Дзмітрый Мядзведзеў (на той момант — прэзідэнт РФ) назваў Чурава чараўніком. «Вы ж чараўнік амаль, вас так некаторыя лідары ​​партый называюць», — сказаў Мядзведзеў.

«Я толькі вучуся», — адказаў Чураў.

Nashaniva.com