Журналіста Генадзя Мажэйку асудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі

Сёння Мінскі гарадскі суд вынес прыгавор журналісту «Камсамольскай праўды» Генадзю Мажэйку. Ён асуджаны на тры гады зняволення.

23.03.2023 / 12:08

Генадзь Мажэйка. Фота: «Спутнік»

Генадзь Мажэйка быў затрыманы амаль паўтара года таму, 1 кастрычніка 2021 года ў Маскве, калі спрабаваў выехаць у трэцюю краіну.

Ён быў аўтарам матэрыялу, у якім станоўча гаворыцца пра Андрэя Зельцэра ў дзяцінстве. Зельцэр падчас штурму яго кватэры забіў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Сайт «Камсамольскай праўды» пасля гэтага быў заблакаваны, таксама было прынята рашэнне пра закрыццё офіса.

У дачыненні да Мажэйкі былі распачатыя два артыкулы: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

У абвінавачванні сцвярджалася, што «Мажэйка, праяўляючы амаральную зацікаўленасць у экстрэмісцкай дзейнасці, з'яўляючыся яе прыхільнікам і дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021 года здзейсніў шэраг злачынстваў».

Паводле следства, ён нібыта пісаў у інтэрнэце «негатыўныя, непрыстойныя і недапушчальныя» выказванні ў адрас Лукашэнкі, а на сустрэчы з дэпутатам Варанецкім, «парушаючы агульначалавечую мараль», праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады.

Журналіст віну не прызнаў і заявіў, што на той сустрэчы пра Лукашэнку выказваўся не ён. У адрас улады ніякіх абразлівых выразаў ён не дапускаў і прыхільнікам апазіцыі не з’яўляецца. Тое ж самае заяўлялі сведкі.

Прысуд у тры гады калоніі сёння вынесла суддзя Тацяна Фалькоўская.

Nashaniva.com