Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

Якой рыбе аддаюць перавагу беларусы і як яна трапляе ў нашу краіну, выданню Blizko.by расказаў Дзяніс Дабравольскі, які кіруе закупкамі рыбнай прадукцыі ў кампаніі «Еўрагандаль».

24.03.2023 / 23:41

Па словах Дзяніса Дабравольскага, выбар рыбы і морапрадуктаў залежыць ад цаны і сярэдняга кашалька, якім валодае беларуская сям'я. Грунтуючыся на штомесячнай рэалізацыі ў гандлёвай сетцы «Еўраопт», можна выдзеліць топ-6 найменняў.

Першае месца займае мінтай — рыба з сямейства трасковых.

На другім месцы хек, які закупляецца з Канады і ЗША. Праўда, цяпер з-за санкцый ЗША непасрэдных паставак не вядзе.

Трэцюю і чацвёртую пазіцыі займаюць скумбрыя і селядзец.

Пятае месца можна аддаць сёмзе і стронзе.

Шостае месца займае тунец — за апошнія гады ён у некалькі разоў вырас па колькасці спажывання і, як наступства, павялічылася колькасць паставак у краіну.

Пры гэтым, каментуючы пятую пазіцыю, то-бок сёмгу і стронгу, спецыяліст адзначае, што сямейства ласосевых, да якіх яны належаць, мае шэсць відаў рыбы, прадстаўленых у жывой прыродзе, і ловяцца яны найперш на расійскім Далёкім Усходзе.

«Гэта так званы далёкаўсходні асартымент, да якога належаць гарбуша, кет, нерка, кіжуч, чавыча і голец. Гэта тыя віды ласосевай рыбы, якія вельмі карысныя і смачныя, таму, без залежнасці ад цаны, хоць часцяком яны таннейшыя за стронгу ці ласося, я ім аддаю перавагу, калі ўбачу на прылаўку».

Ласось і стронга ж, маўляў, гадуюцца штучна і таму менш карысныя, чым пералічаныя шэсць відаў рыбы. Праўда, тэндэнцыя такая, што большасць спажыванай рыбы ў найбліжэйшыя 50-100 гадоў так ці іначай будзе гадавацца штучна, бо акіян актыўна засмечваецца.

Рэгіёны паставак рыбы ў Беларусь цяпер дастаткова шырокія. Перш за ўсё гэта рэгіён Баранцава і Паўночнага мораў. Да іх адносіцца Нарвегія, трохі Ісландыя і Фарэрскія астравы.

«Калі мы глядзім на аб'ёмы і віды завозімай, так бы мовіць, базавай рыбы, то два асноўныя рэгіёны паставак — гэта Японскае і Баранцава мора.

Калі казаць пра краіны, то на першым месцы па аб'ёмах паставак будзе Расія — адтуль да нас прыязджае прыкладна 50% рыбы, затым Нарвегія з часткова Ісландыяй і Фарэрскімі астравамі, пасля іх Канада і ЗША, якія пастаўляюць хек, 40 відаў марскога акуня і розныя віды палтуса і камбалы».

У амерыканскі сегмент паставак таксама ўваходзяць Аргенціна і Уругвай, адтуль таксама пастаўляецца хек. А з Новай Зеландыі, напрыклад, мы атрымліваем такія не зусім тыповыя віды рыбы, як ядомая акула-прывід, 3-4 віды доры і чырвоная траска.

Што тычыцца лагістыкі паставак, то ўся рыба ў Беларусь, калі гэта не Мытны саюз, гістарычна завозіцца праз адзін Клайпедскі порт у Літве.

Чытайце таксама:

«Рыбу любіце?» Дзеці расказалі Раману Галоўчанку, што яны любяць у школьным харчаванні

Якую рыбу выбраць?

«Купілі стэйкі па прывабнай цане і здзівіліся». Што за чырвоная рыба прыехала ў нашы крамы?

Nashaniva.com