«Аддадзена каманда на зачысткі». Карпянкоў расказаў, як сілавікі рыхтуюцца змагацца з апазіцыяй

Унутраныя войскі правялі 24 сакавіка на аэрадроме Ліпкі спецыяльныя вучэнні па разгоне масавых пратэстаў. Намеснік кіраўніка МУС — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў распавёў СТБ, як і да чаго рыхтуюцца сілавікі.

26.03.2023 / 08:49

Вучэнні сілавікоў у Ліпках. Фота: МУС

Карпянкоў распавёў, што сілавікі аналізуюць досвед правядзення ваенных спецаперацый ва Украіне. Звярнулі ўвагу на ўжыванне беспілотных лятальных апаратаў. У пачатку лютага загадам міністра ўнутраных спраў ва ўсіх падраздзяленнях органаў унутраных спраў — у АМАПе, у «Адмазе», ва ўнутраных войсках — створаны спецыяльныя падраздзяленні па прымяненні беспілотнай авіяцыі.

«У нас ёсць дроны разведвальныя з цеплавізарам, дроны разведвальна-ударныя, якія могуць ажыццяўляць бомбамятанне. І ў нас ужо ёсць дроны-камікадзэ, дастаткова вялікая колькасць.

Зараз ажыццяўляецца вялікая закупка, і літаральна за лічаныя тыдні на ўзбраенні ў нас будзе знаходзіцца тысяча дронаў. Усіх вайскоўцаў, якія ў нас займаюцца беспілотнай лятальнай авіяцыяй, мы аднеслі да катэгорыі спецыяльнага прызначэння, байцам спецыяльнага прызначэння.

І вось у гэтых падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння, якія ў нас у войсках створаны — 3214, падраздзяленне «Рысь», падраздзяленне «Беркут», якое сёння працуе на мяжы, плюс дадаткова ва ўсіх частках і злучэннях мы стварылі роты і ўзводы спецыяльнага прызначэння — ужо зʼявіліся цэлыя на дадзены момант сілы хуткага рэагавання Міністэрства ўнутраных справаў. У нас усюды там беспілотныя лятальныя апараты, плюс дадаткова ва ўсіх частках і злучэннях мы стварылі роты і ўзводы спецыяльнага прызначэння — ужо зʼявіліся цэлыя на дадзены момант сілы хуткага рэагавання Міністэрства ўнутраных спраў. У нас усюды тамака беспілотныя лятальныя апараты», — распавёў Карпянкоў.

Паводле яго, у Беларусі стварылі навучальны цэнтр, запрасілі спецыялістаў, якія прыехалі з Данбаса, і «самыя эфектыўныя тактычныя прыёмы паказалі».

Карпянкоў распавёў, што на вучэннях у Ліпках адпрацоўвалі, як дронамі абследаваць кожны дах, каб не «празяваць ніякага снайпера».

Таксама ён расказаў, як сілавікі рыхтуюцца змагацца з калонамі пратэстоўцаў.

«Ужыванне газавых гранат, светлагукавых. У іх там паніка — і мы галаву гэтую «адразаем» і іх затрымліваем. Такія спосабы мы адпрацоўваем. Але на дадзены момант дрон — самая моцная, самая магутная зброя, не ўваходзячы ў кантакт, можна выканаць любую задачу любой складанасці. Гэта лятаючы баражыруючы боепрыпас, які мае траекторыю палёту хітрэйшы, чым у таго ж «Джавеліна», і мы іх навучыліся выкарыстоўваць і будзем далей развіваць».

Карпянкоў дадаў, што «пасля таго, што адбылося (відаць, пасля дыверсіі ў Мачулішчаў і верагоднай імітацыі падрыхтоўкі тэракту ў Гродне — НН), пасля ўсіх гэтых заклікаў па вяртанні і гэтак далей аддадзена каманда на зачысткі».

«У нас працуюць усе спецпадраздзяленні кожны дзень. «Рысь» трэніруецца і па адрасах затрымлівае. Цяпер «Беркут» працуе ў памежжы, каб ніводная мыш там не праскочыла, калі тут на хвост камусьці наступім, САХР увесь час працуе. Таму сілавікі атрымалі задачу і ўнутраныя войскі ў рамках спецаперацыі, якую праводзіць МУС па правядзенні зачысткі і навядзенні парадку, мы гэта робім», — сказаў ён.

«Мяркую, што да кантрольных дат мы навядзем парадак у нашай краіне. Грамадства нашае будзе кансалідавана», — паабяцаў Карпянкоў, не назваўшы гэтыя «кантрольныя даты».

Nashaniva.com