У Тульскай вобласці выбухнуў беспілотнік. Расія заяўляе, што ён украінскі

Расійскае Мінабароны абвінаваціла Украіну ў запуску беспілотніка, які стаў прычынай выбуху ў Тульскай вобласці ў нядзелю, 26 сакавіка. Паводле прадстаўнікоў ведамства, БПЛА перахапіў расійскі комплекс радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).

26.03.2023 / 23:39

Паводле звестак МНС, ад выбуху пацярпелі тры дамы. Мясцовыя жыхары даслалі гэта фота тэлеграм-каналу «ЧП Тула»

Паведамляецца, што комплекс РЭБ «Поле-21» вывеў з ладу сістэму навігацыі беспілотніка, у выніку чаго ён, страціўшы арыентацыю, упаў у раёне населенага пункта Кірэеўск Тульскай вобласці.

Выбухам былі пашкоджаныя тры шматкватэрныя дамы і пацярпелі тры чалавекі, паведамілі мясцовыя ўлады.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай выбуху стаў беспілотнік з боепрыпасам, паведаміла РІА Навіны са спасылкай на МНС Расіі.

Агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцы ў сілавых ведамствах піша, што гаворка ідзе пра ўкраінскі БПЛА Ту-141 «Стрыж», які меркавана быў начынены выбухоўкай.

Раней МНС заявіла, што выбух прагучаў у 15:19.

Варонка, якая ўтварылася ў выніку падзення беспілотніка, і, як мяркуецца, яго аскепак. Фота: «ЧП Тула»

«Двое пацярпелых — 2002 года і 2006 года нараджэння, у іх аскепкавыя раны, хуткая [дапамога] на месцы», — паведаміла ведамства. Пазней мясцовыя ўлады дадалі, што колькасць параненых асколкамі ўзрасла да трох.

Мясцовыя СМІ і тэлеграм-каналы публікуюць кадры з горада, на якіх бачная варонка ад выбуху.

Дыяметр варонкі складае ад 10 да 15 метраў, глыбіня — ад 5 да 8 метраў.

Паведамляецца таксама, што акрамя жылых дамоў былі часткова разбураныя чатыры гаспадарчыя пабудовы.

Nashaniva.com