У праваабаронцы Насты Лойкі за кратамі абвастрыліся праблемы са здароўем

Пра тое, што праваабаронца Наста Лойка за кратамі пакутуе ад хвароб, паведаміла яе маці, піша «Радыё Свабода».

29.03.2023 / 23:21

Вядома, што Лойка за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна веганка і таму не можа есці таго, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі праз перадачы і што можна набыць у турэмнай краме. Забяспечыць паўнавартаснае харчаванне не ўдаецца.

Таксама Насце трэба палячыць зубы, аднак і тут узнікла праблема. Стаматолага, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусціў СК.

Маці палітзняволенай папрасіла людзей, якія дапамагаюць яе дачцэ, не прысылаць ёй больш каляровых шкарпэтак, якія Наста вельмі любіць. Бо іх у яе сабралася столькі, што ўжо няма дзе трымаць. 

Nashaniva.com