Серыйны злодзей з Беларусі публічна выбачыўся перад жыхарамі польскага горада

Беларус публічна папрасіў прабачэння перад жыхарамі польскага горада Кемпна за крадзеж у крамах. Гэта адбылося пасля затрымання, піша Most.

31.03.2023 / 12:34

Паліцэйскія з Кемпна 10 сакавіка затрымалі 49-гадовага беларуса, які падазраецца ў шэрагу крадзяжоў у крамах. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён карыстаўся няўважлівасцю прадаўцоў і краў розныя тавары з крамаў. Цяпер яму можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

—Яго здабычай былі розныя тавары з крамаў, у асноўным бытавая хімія, электраінструменты і прадукты, — паведаміў прадстаўнік паліцыі Кемпна Рафал Страмоўскі.

Паліцэйскія выйшлі на беларуса пасля крадзяжу ў адной з крамаў у Кемпне, пра што паведамілі прадаўцы. У краме былі ўсталяваныя камеры відэаназірання, дзякуючы якім паліцыянты і ўстанавілі асобу злодзея. Праз некаторы час яго затрымалі, ім аказаўся 49-гадовы беларус. Пры ператрусе яго кватэры супрацоўнікі канфіскавалі большую частку выкрадзенага.

Праз тыдзень беларус публічна выбачыўся перад жыхарамі горада Кемпна (пражывае каля 15 тысяч чалавек): «Я прашу прабачэння перад супольнасцю жыхароў Кемпна за крадзяжы, якія я здзейсніў на тэрыторыі павета. Я зразумеў сваю памылку, я хачу сумленна працаваць і жыць тут. Прашу прабачэння, гатовы панесці заслужанае пакаранне за свае ўчынкі. Беларус, 49 гадоў».

Чытайце таксама:

У Польшчы п'яны беларус заехаў на фуры проста ў сцяну будынка

П'янага беларуса на фуры затрымалі спачатку ў Нідэрландах, а потым у Германіі

Беларускі дальнабойшчык загінуў у Польшчы ў ДТЗ

Nashaniva.com