Расія не дасягнула пастаўленых да 1 красавіка мэт па наступу — ISW

Расія праваліла так званы «вялікі зімовы наступ» і не дасягнула пастаўленых мэт — цалкам захапіць Данецкую і Луганскую вобласці, канстатуюць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

02.04.2023 / 08:06

 Расійскія мабілізаваныя ва Украіне. Скрын відэа

Ваенныя аналітыкі адзначаюць, што расійскія, украінскія і заходнія крыніцы адзначылі 1 красавіка, што зімовы наступ расійскіх войскаў не дасягнуў пастаўленай Крамлём мэты — захоп тэрыторый па адміністрацыйных межах Данецкай і Луганскай абласцей да 31 сакавіка.

Эксперты ўказваюць і на тое, што расійскія ваенныя блогеры занепакоеныя, што войскі РФ павінны завяршыць свае наступальныя аперацыі ў Бахмуце і Аўдзееўцы, каб падрыхтавацца да ўкраінскіх контрнаступленняў, якія яны чакаюць паміж 16 красавіка і 9 мая.

Ваенныя блогеры падкрэслілі сваё расчараванне, што на працягу зімы не было вырашальных баёў, і лічаць, што Расія не зможа працягваць шырокамаштабную наступальную аперацыю, калі не зможа ўтрымаць пад кантролем Бахмут і Аўдзееўку на працягу наступных тыдняў.

ISW ужо даўно ацэньваў, што расійскі зімовы наступ наўрад ці будзе паспяховым з-за пастаяннай няздольнасці расійскага камандавання зразумець часовыя і прасторавыя ўмовы, звязаныя з такой кампаніяй.

Інстытут таксама прагназаваў, што Расіі не хопіць баявой моцы, неабходнай для правядзення больш чым адной буйной наступальнай аперацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, а прызыўныя кампаніі ў Расіі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях могуць сведчыць аб тым, што Расія рыхтуецца да недахопу рэзерваў.

У справаздачы адзначаецца, што Расія можа неўзабаве правесці перастаноўкі ў вышэйшым вайсковым камандаванні РФ з-за няўдалай зімовай наступальнай аперацыі.

Таксама ў справаздачы коратка адзначаецца, што расійскія нацыяналісты крытыкуюць Аляксандра Лукашэнку, што той не працягвае намаганні па стварэнні Саюзнай дзяржавы паміж Расіяй і Беларуссю з сярэдзіны 1990-х гадоў.

Nashaniva.com