Да майскіх свят добраўпарадкуюць паркавую зону на вуліцы Каліноўскага ў Мінску

У бліжэйшы час пачнуцца работы па добраўпарадкаванні зялёнай зоны на скрыжаванні вуліцы Каліноўскага і праспекта Незалежнасці, паведаміла «Мінск-Навінам» старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Вольга Верамей.

02.04.2023 / 08:59

У парку ўладкуюць новую дзіцячую пляцоўку, зʼявіцца зона для заняткаў спортам і з вулічнымі трэнажорамі.

Праектам прадугледжана размяшчэнне ўздоўж сцежак невялікіх гандлёвых абʼектаў. Таксама заменяць ліхтары і ўстановяць новыя малыя архітэктурныя формы (лаўкі і інш.).

Каб у паркавую зону было зручна патрапіць, зараз будуюць падземны пешаходны пераход пад праспектам Незалежнасці. 

Як удакладніла Верамей, работы па добраўпарадкаванні парка плануюць выканаць на працягу месяца пасля атрымання экспертызы. Не выключана, што абноўленую зону адпачынку мінчане ўбачаць ужо да майскіх свят.

Nashaniva.com