«Байсол» пачаў рабіць рассылкі данатарам. У людзей узніклі пытанні да бяспекі такіх лістоў

«Байсол» з нядаўняга часу робіць рассылку для тых, хто раней данаціў у фонд. З улікам таго, што за данаты цяпер заводзяць крымінальныя справы, у многіх узнікла пытанне — ці гэта бяспечна? Ці прыходзіць такая рассылка людзям, якія знаходзяцца ўнутры краіны? Як ад яе можна адпісацца? «Наша Ніва» спытала ў кіраўніка фонда Андрэя Стрыжака.

07.04.2023 / 14:01

Фота: сацсеткі

На рассылку звярнулі ўвагу чытачы «Нашай Нівы». Публічна тэму ўзняла таксама блогерка Саша Зверава, якая раней працавала ў фондзе.

«Я рабіла ахвяраванні ў фонд, але, пацешны факт: я не давала згоду на рассылку. Я не тыкала ні на якія птушачкі, я проста здзяйсняла ахвяраванне ў страйп (плацёжная сістэма. — НН). Гэта значыць мой email проста выгрузілі адтуль. А вы выпадкова цяпер не парушылі еўрапейскае заканадаўства?» — абурылася яна ў фэйсбуку.

«Галоўнае пытанне. Калі вы робіце гэтую сваю рассылку, як вы разумееце, што чалавек не знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Ёсць нейкія прыкметы?» — закранула блогерка момант бяспекі.

«Байсол» у каментары «Нашай Ніве» запэўнівае, што ажыцяўляе рассылку паводле адфільтраванага спіса адрасоў, з якога выключаны донары, якія фізічна на момант даната знаходзіліся ў Беларусі. 

«Рассылка ідзе па тых людзях, якія актыўна данацяць ці данацілі праз «Байсол», якія не робяць і не рабілі гэта з Беларусі, якія данацілі у апошні час. Некалькі фільтраў і некалькі спісаў рассылкі.

Рассылка ажыццяўляецца па спісе данатараў, якія рабілі данаты пасля прызнання нашай арганізацыі «экстрэмісцкай»,

гэта значыць, што людзі свядома працягвалі карыстацца магчымасцю аказваць дапамогу праз «Байсол», негледзячы на патэнцыйны пераслед з боку ўладаў», — кажа Андрэй Стрыжак. 

Ён адзначае, што рабіць рассылку фонд вырашыў пасля кансультацый з юрыстамі. 

«Яны падцвердзілі нам такую магчымасць, бо адрасы пошт мы атрымліваем праз плацёжную сістэму Stripe, калі чалавек ажыццяўляе плацёж. Мы улічваем тыя пытанні, якія атрымліваем ад людзей у сувязі з рассылкай і вядзем кансультацыі з юрыстамі, каб удасканальваць нашую працу ў гэтым кірунку», — расказвае Андрэй Стрыжак. 

Ён таксама падзякаваў тым, хто данаціць пацярпелым і падтрымлівае каманду.

Ад рассылкі «Байсол» можна самастойна адпісацца. 

Напрыканцы кожнага ліста ёсць дысклэймер. Можна націснуць на кнопку «Unsubscribe from this list» і адпісацца.

Чытайце таксама: 

Ці бяспечна рабіць ахвяраванні праз Stripe?

Сталі вядомыя мінімальныя сумы «кампенсацыі» за данаты з неайцішнікаў

Пракуратура налічыла 30 мільёнаў рублёў шкоды ад дзейнасці Nexta

Некаторым палітвязням да палітычных артыкулаў дадаюць крымінальную справу за парнаграфію

Nashaniva.com