ЗША разам з саюзнікамі разглядаюць магчымасць амаль поўнай забароны экспарту тавараў у Расію

Шэраг ключавых саюзнікаў Украіны, уключаючы ЗША, разглядаюць магчымасць набліжэння да поўнай забароны экспарту большасці тавараў у Расію, паведамляе Bloomberg.

20.04.2023 / 22:41

Здымак ілюстрацыйны. Фота: ТАСС

Са слоў суразмоўцаў агенцтва, чыноўнікі краін G7 абмяркоўваюць такія абмежаванні перад майскім самітам у Японіі. Пры гэтым плануецца далучыць да забароны экспарту і краіны Еўрасаюза.

Крыніцы адзначаюць, што гэтая ідэя знаходзіцца на стадыі абмеркаванняў і яе могуць перагледзець.

У матэрыяле гаворыцца, што прапанаваныя абмежаванні прадугледжваюць забарону экспарту ўсіх тавараў, толькі калі яны не ўнесеныя ў спіс выключэнняў. Цяпер продаж тавараў Расіі дазволены, калі гэтага не забараняюць санкцыі.

Калі такі крок будзе ўхвалены, то лідары краін G7 павінны ўзгадніць спіс выключэнняў. Па інфармацыі ад крыніц, лекі і сельскагаспадарчая прадукцыя застануцца ў гэтым спісе.

Цяпер, праўда, ёсць сур'ёзныя перашкоды для ўвядзення такіх шырокіх абмежаванняў. У прыватнасці, гэта звязана з тым, што новыя крытэрыі павінны ўхваліць усе краіны ЕС, а гэта пацягне жорсткія дэбаты з-за верагоднай негатыўнай рэакцыі з боку кампаній, якія да гэтага часу экспартуюць тавары ў Расію, а таксама рызыка мер у адказ з боку Масквы.

Па інфармацыі жэнеўскай арганізацыі Trade Data Monitor, у Расію працягваюць паступаць тавары з Еўропы, ЗША, Канады і Японіі на суму 66 мільярдаў даляраў, што ўдвая менш, чым да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расію ва Украіну.

Раней выданне Financial Times паведамляла, што ЕС працуе над новымі санкцыямі супраць Расіі. Як мяркуецца, новыя меры будуць абмежаваныя пашырэннем чорных спісаў і мерамі супраць абыходу ўжо ўведзеных абмежаванняў.

Nashaniva.com