Былы прэзідэнт здаўся ўладам ЗША. Яго чакае экстрадыцыя на радзіму

77-гадовы былы прэзідэнт Перу Алехандра Таледа абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у памеры 20 мільёнаў даляраў ад бразільскай будаўнічай кампаніі, калі ён займаў сваю пасаду ў з 2001 па 2006 год.

22.04.2023 / 07:59

Алехандра Таледа. Фота AP

Некалькі гадоў таму ён збег у ЗША, але быў арыштаваны амерыканскімі ўладамі па запыце Перу, паведамляе Бі-бі-сі.

Былы прэзідэнт адмаўляе вымагальніцтва або атрыманне хабараў.

Перуанскія ўлады сцвярджалі, што Таледа атрымаў мільёны даляраў ад бразільскай будаўнічай кампаніі Odebrecht у абмен на заключэнне кантрактаў.

Яны накіравалі ЗША запыт аб экстрадыцыі ў маі 2018 года. Пракуратура Перу дамагаецца 20-гадовага турэмнага зняволення былому прэзідэнту.

Алехандра Таледа быў упершыню арыштаваны ў Каліфорніі ў 2019 годзе. У 2020 годзе ён быў вызвалены пад заклад і пасаджаны пад хатнім арышт з электронным маніторам на назе.

На гэтым тыдні адвакаты былога прэзідэнта беспаспяхова хадайнічалі аб адтэрміноўцы яго экстрадыцыі. Яны сцвярджалі, што яго жыццё будзе ў небяспецы, калі ён вернецца ў Перу.

Таледа заяўляе, што абвінавачванні супраць яго палітычна матываваныя. Аднак суддзя акруговага суда ЗША ў Паўночнай акрузе Каліфорніі палічыў, што маецца дастаткова доказаў, каб мець падставы меркаваць, што Таледа ўдзельнічаў у змове і адмыванні грошай.

Чакаецца, што яго экстрадыцыя зойме ўсяго некалькі дзён.

Nashaniva.com