Уначы Расія абстраляла Украіну ракетамі. Ёсць ахвяры

Над Кіевам былі збітыя 11 ракет, там ахвяр няма

28.04.2023 / 07:24

Абстрэл ва Умані. Скрыншот відэа

У раёне Кіева падчас расійскага ракетнага налёту гэтай ноччу былі збітыя 11 ракет і два беспілотнікі, ахвяр сярод мірнага насельніцтва няма, — паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.

Па словах кіраўніка адміністрацыі, у адным месцы сталіцы абломкі ракеты пашкодзілі лінію электраперадач і дарожнае пакрыццё, іншых разбурэнняў пакуль не зафіксавана.

Папко нагадаў, што гэты ракетны налёт на сталіцу расіяне здзейснілі праз 51 дзень пасля папярэдняга: ён быў 9 сакавіка.

А вось у Дняпры ў выніку налёту загінулі жанчына і трохгадовае дзіця.

Ва Умані ракета трапіла ў жылы дзевяціпавярховік, разбурыўшы цэлы пад'езд. Звестак аб ахвярах пакуль няма.

Ва Умані працуюць ратавальнікі, медыкі і паліцыя.

Nashaniva.com