Двухгадовай дзяўчынцы, якая ўпала ў Маладзечне з 4-га паверха, стала лепей. Яе двух братоў і сястру забралі ў прытулак

Здарэнне адбылося ў шматдзетнай сям'і, дзе маці адна гадуе пецярых дзяцей

02.05.2023 / 11:51

Будынак інтэрната, з акна якога выпала двухгадовая дзяўчынка. Фота: kraj.by

У дзіцячай бальніцы Маладзечанскай ЦРБ стала лепш двухгадовай дзяўчынцы, якая ўвечары 25 красавіка выпала з акна чацвёртага паверха інтэрната на вуліцы Касманаўтаў.

Намеснік галоўнага доктара па дзяцінстве і родавай дапамозе Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Іна Саўчык раніцай 2 мая расказала Kraj.by, што дзяўчынка праходзіць лячэнне, яе стан стабільна цяжкі з паляпшэннем.

Старэйшыя браты малой, дзевяцікласнік і чацвёртакласнік, а таксама сястра, якой шэсць гадоў, рашэннем Камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама змешчаны ў аддзяленне сацыяльнага прытулку Радашковіцкай сярэдняй школы №2.

У гэтай установе адукацыі распавялі наступнае:

— Дзеці паступілі да нас у пятніцу. З імі ўсё ў парадку. Хлопчыкі і дзяўчынка адчуваюць сябе нармальна, але вельмі хочуць дадому. Зрэшты, па доме сумуюць усе дзеці, якія аказваюцца ў прытулку.

Дырэктар Радашковіцкай сярэдняй школы №2 Ігар Дзятлоўскі адзначыў:

— Дзеці будуць знаходзіцца ў нас шэсць месяцаў. Гаворка пра пазбаўленне маці бацькоўскіх правоў пакуль не ідзе. На працягу гэтых паўгода з ёй будуць праводзіць пэўную працу ў рамках выканання плана мерапрыемстваў з удзелам розных службаў, у тым ліку МНС, медыцыны і адукацыі. Па выніку гэтай працы прымуць рашэнне аб магчымасці вяртання дзяцей у іх сям'ю.

Сястра-двайнятка пацярпелай дзяўчынкі пакуль таксама знаходзіцца ў дзіцячай бальніцы ў Маладзечне. Сёстрам у чэрвені спаўняецца тры гады. У аддзяленне сацыяльнага прытулку ў Радашковічах дзеці паступаюць менавіта з трох гадоў. Па словах Ігара Дзятлоўскага, іх установа адукацыі гатова прыняць двайнятак, калі яны дасягнуць трохгадовага ўзросту.

Чытаць таксама:

Жыхара Магілёўскага раёна зацягнула ў мотакультыватар

У Мінску хлопчык захрас пад канструкцыяй для захоўвання ровараў

Фельчарка трапіла пад машыну, аказваючы дапамогу на дарозе

Nashaniva.com