Мінсельгасхарч зменшыў мінімальныя экспартныя цэны

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання змяніла гранічныя мінімальныя цэны на тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дамовах. Зроблена гэта пастановай Міністэрства ад 5 мая 2023 года № 54, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

06.05.2023 / 20:39

Фота ілюстрацыйнае

Ніжні парог цэн, якія тычацца паставак сельгаспрадукцыі ў Расію, не змяніўся. А вось на большасць тавараў, якія экспартуюцца ў іншыя краіны, яны зменшыліся.

Напрыклад, мінімальная цана на сметанковае масла з утрыманнем малочнага тлушчу 80% і больш зменшылася да 5,45 даляра за 1 кг. Толькі для Ізраіля і Азербайджана цана засталася на ўзроўні 6 даляраў за 1 кг.

Ніжняя парогавая цана на сметанковае масла з утрыманнем малочнага тлушчу больш за 72 %, але менш за 80%, паменшылася да 4,8 даляра за 1 кг. Толькі для Азербайджана яна па-ранейшаму засталася на ўзроўні 5,2 даляра за 1 кг.

Мінімальныя цэны на мяса маладняка буйной рагатай жывёлы зменшыліся да 3,9 даляра за 1 кг, на мяса ж дарослых жывёл — да 3,8 даляра за 1 кг. Цяпер яны аднолькавыя для ўсіх краін, апрача Расіі.

Папярэдняе змяншэнне Мінсельгасхарчам экспартных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю было зусім нядаўна — 12 красавіка.

Чытайце таксама:

Зменшылі цэны на беларускія малочныя прадукты, якія пастаўляюцца за мяжу. Прытым даволі значна

Беларуская эканоміка пайшла ў рост, але «мабілізацыйныя падыходы» захаваюцца

Транзіт беларускіх угнаенняў праз Расію вырас у 18 разоў

Nashaniva.com