За ноч над Кіевам збілі 30 беспілотнікаў

Ноччу 8 мая Расія зноў атакавала тэрыторыю Украіны, прымяніўшы іранскія ўдарныя беспілотнікі «Шахед». 35 з 35 дронаў былі знішчаныя ўкраінскімі абаронцамі.

08.05.2023 / 07:35

Знішчаны беспілотнік. Фота: Армія інформ

Над Кіевам былі збітыя 30 варожых «Шахедаў», у выніку атакі дронаў траўмаваныя 5 чалавек, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на начальніка Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргея Папко.

«Падчас апошняй паветранай трывогі, якая доўжылася больш за 3,5 гадзіны, агрэсар спрабаваў нанесці ўдар сваімі БПЛА. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта былі іранскія «Шахеды», якія атакавалі сталіцу з розных напрамкаў. У паветранай прасторы Кіева было выяўлена і знішчана больш за 30 варожых дронаў», — расказаў Сяргей Папко.

У выніку начной атакі ў Кіеве былі траўмаваныя 5 чалавек, пашкоджаныя аўтамабілі і жылы дом.

У Святошынскім раёне сталіцы, верагодна, з-за падзення абломкаў пашкоджаны 7 аўто і яшчэ адно аўто гарэла, зафіксавана падзенне абломкаў на жылы дом — пашкоджаны вокны і фасады, абломкі ўпалі на праезную частку, траўмаваныя 5 чалавек — ім аказана медыцынская дапамога.

У Саломенскім раёне пашкоджаны рэзервуар (5 тон), што прывяло да ўцечкі дызельнага паліва, узгарання паліва не было. На стаянцы пашкоджана 15 грузавых і 5 легкавых аўтамабіляў. Таксама, верагодна, з-за абломкаў, была пашкоджана газавая труба, газ перакрыты, пажар ліквідаваны.

Nashaniva.com