У Віцебску мужчына прадаваў пульсаксіметры без сертыфікатаў. Яму прад'яўлена абвінавачванне

Паводле СК, 38-гадовы мужчына прывозіў з суседняй краіны прыборы для вымярэння ўзроўню кіслароду ў крыві і прадаваў іх танней, чым у Беларусі, у восем разоў.

15.05.2023 / 15:18

Набываючы танныя пульсаксіметры, людзі не цікавіліся наяўнасцю дакументаў да іх. Аднак у адным выпадку мужчына звярнуўся ў праваахоўныя органы. Ён вымяраў пульсаксіметрам утрыманне кіслароду ў крыві і на падставе атрыманых паказчыкаў прымаў прэпараты, пасля чаго яму спатрэбілася дапамога медыкаў. Паводле СК, прыбор паказваў няправільныя вынікі.

Падчас допыту прадавец пульсаксіметраў растлумачыў, што першы прыбор ён набыў сабе, калі захварэў. А пазней прыйшла ў галаву ідэя зарабіць.

На маёмасць абвінавачанага накладзены арышт. Яму прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.338-2 (увоз у Рэспубліку Беларусь, захоўванне ў мэтах збыту і збыт фальсіфікаваных медыцынскіх вырабаў, незарэгістраваных медыцынскіх вырабаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Nashaniva.com