Беларускі чыноўнік абверг расійскія страшылкі пра баявых украінскіх гусей і камароў

У Беларусі знайшоўся чыноўнік, які абверг шырока распаўсюджаныя страшылкі пра «баявых украінскіх гусей і камароў». Ім аказаўся начальнік упраўлення дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Садыкаў.

16.05.2023 / 10:03

Тыповыя ўкраінскія гусі

Падчас жывой тэлефоннай лініі ў «Сельскай газеце» нейкая Таццяна з Жабінкі Берасцейскай вобласці задала спецыялісту пытанне на гэты конт, заўважыла «Народная Воля».

«Чула, што ва ўкраінскіх біялабараторыях ствараюць баявых гусей і камароў. У чым іх небяспека? Як абараніцца?», — спытала ўсхваляваная жанчына.

— Такія навіны падобныя на фэйкавыя, — супакоіў жанчыну Яўген Садыкаў.— Гусі, напрыклад, самі па сабе агрэсіўныя і без усялякіх дрэсіровак могуць нападаць на чалавека, абараняючы сябе і патомства. Камары — пераносчыкі мноства захворванняў, у тым ліку смяротна небяспечных, але на тэрыторыі Рэспублікі такія хваробы не рэгіструюцца. Успрымаць падобныя «навіны», на мой погляд, сур'ёзна не варта.

Летась пастаянны расійскі прадстаўнік Васіль Нябензя заяўляў у ААН, што ва Украіне, нібыта, выяўленыя беспілотнікі, якія могуць «распаўсюджваць камароў, заражаных небяспечнымі вірусамі». Нябензя абсалютна сур'ёзна пераконваў членаў Рады бяспекі ААН, што ў Херсонскай вобласці акупацыйная армія выявіла «тры беспілотнікі, абсталяваныя ёмістасцямі па 30 літраў, якія могуць выкарыстоўвацца для распылення біяагентаў». Ён распавядаў з падрабязнасцямі аб прынцыпах дзеяння беспілотніка, які «транспартуе ў зададзены раён кантэйнер з вялікай колькасцю камароў — пераносчыкаў інфекцый і вызваляе іх».

А далей, са слоў прадстаўніка РФ пры ААН, дзейнічаюць камары, якія пры ўкусе «інфікуюць атакаваных людзей узбуджальнікамі асабліва небяспечных захворванняў». Ён падкрэсліў, што укушаны камаром вайсковец «будзе не здольны выконваць пастаўленыя перад ім задачы». Дарэчы, ён распавядаў і пра тое, што ва Украіне, нібыта, рэалізавалі праекты па вывучэнні магчымасці распаўсюджвання інфекцый праз мігруючых птушак, кажаноў, гусей.

Nashaniva.com