Эканамісты распавялі, колькі беларусаў перабраліся ў апошнія гады ў ЕС

BEROC прадставіў вынікі даследавання міграцыі з Беларусі ў краіны Еўрасаюза. Вось асноўныя высновы экспертаў.

18.05.2023 / 17:12

Старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна адзначае шэраг палітычных падзей, якія ў апошнія гады ўплывалі на характар міграцыі з Беларусі. Напрыклад, да 2020 года для беларусаў збольшага была характэрная працоўная міграцыя, якая расла паступовымі тэмпамі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў актывізавалася міграцыя па палітычных матывах, але спачатку гаворка ішла не пра краіны ЕС. Беларусы ў асноўным выбіралі для пераезду Украіну і Грузію як больш простыя варыянты. У 2020-2021 гады паездкі ў краіны ЕС былі абмежаваныя праз пандэмічныя меры перасцярогі, а наземная мяжа Беларусі з гэтымі краінамі была закрытая. Авіязносіны Мінска з аб’яднанай Еўропай былі абмежаваныя, а пасля пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам яны і ўвогуле скончыліся.

Аднак з сакавіка 2022 года ўзмацнілася міграцыя беларусаў у Польшчу з Беларусі і Украіны. Умовы для пераезду туды спрасціліся, бо каранцінныя абмежаванні былі аслабленыя. Праз больш просты працэс легалізацыі ў Польшчы гэтая краіна аказалася больш спрыяльнай для першаснай (з Беларусі) або другаснай (з Украіны ці Грузіі) міграцыі.

У той час з’явіліся і новыя эмігранты. Мужчыны пакідалі Беларусь праз страх мабілізацыі, цэлыя сем’і з’язджалі праз дрэнную палітычную і эканамічную сітуацыю, супрацоўнікаў кампаній, збольшага з ІТ-сектара, пераводзілі ў іншыя краіны, у тым ліку і ў Польшчу. Нарэшце, павялічылася другасная міграцыя, бо беларусы пакідалі Украіну праз ваенныя дзеянні.

Пра якія памеры міграцыі за азначаныя гады ідзе гаворка?

BEROC прыводзіць прыкладныя лічбы ад 143,6 да 170,9 тысячы беларусаў, якія ўехалі ў ЕС для пастаяннага пражывання.

Калі параўноўваць па ніжняй мяжы дыяпазону, гэтая лічба перавышае сукупнае насельніцтва ўсяго Аршанскага раёна, калі па верхняй — параўнальна з колькасцю насельніцтва ў Баранавічах. 

Эксперты мяркуюць, што асноўная частка беларусаў-мігрантаў (ад 96,7 да 111,5 тысячы) уехала на тэрыторыю Польшчы. Колькасць беларускіх эмігрантаў у Літву ў 2021-2022 гадах BEROC ацэньвае у лічбах ад 25,4 да 37,9 тысячы. За 2021-2022 год у іншыя краіны ЕС, акрамя Літвы і Польшчы, для пастаяннага пражывання маглі прыехаць каля 21,5 тысячы беларусаў. 

Як гэта суадносіцца з афіцыйнай статыстыкай? Згодна з ёй, у 2022 годзе, каб працаўладкавацца за мяжой, з краіны з’ехалі 5590 беларусаў. У дадзеным выпадку ўлічваюцца толькі тыя людзі, якія заключылі працоўны кантракт для працы за мяжой пры падтрымцы юрасобаў і ІП, якія дапамагаюць працаўладкоўвацца.

З іншага боку, ёсць статыстыка ўнутры краіны, якая супярэчыць гэтым даным. Так, чысты адток працаўнікоў ІТ-сектара на рынку працы склаў 17 226 чалавек. Таксама ў 2021 і 2022 гадах назіралася ўстойлівае скарачэнне ўзроўню занятасці адначасова са зніжэннем і так невысокага ўзроўню беспрацоўя.

Заробкі супрацоўнікаў беларускіх ІТ-кампаніі у Літве ў два з паловай раза большыя, чым сярэднія па краіне

«Хіба адбылося нешта пазітыўнае?» Прэзідэнт Літвы супраць змякчэння санкцый адносна рэжыму Лукашэнкі

Даныя новага даследавання па беларусах у Літве — нечаканыя высновы

Вера Белацаркоўская