Кіраўнікі Мінабароны РФ і Беларусі падпісалі дакументы наконт нестратэгічнай ядзернай зброі РФ на Беларусі

У Мінску адбылася двухбаковая сустрэча Міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна і міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Кіраўнікі ваенных ведамстваў абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку і пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж абароннымі ведамствамі, а таксама падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паведаміла прэсс-служба Мінабароны.

25.05.2023 / 10:02

 «Размяшчэнне нестратэгічнай ядзернай зброі — дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краін», — заявіў міністр Віктар Хрэнін падчас сустрэчы з Шайгу.

Паводле яго, для забеспячэння ваеннай бяспекі, у тым ліку абароны заходніх межаў Саюзнай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь пільная ўвага надаецца пытанням гатоўнасці і здольнасці Узброеных Сіл выканаць задачы па прызначэнні.

У рамках ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж краінамі прыняты меры па нарошчванню баявога патэнцыялу рэгіянальнай групоўкі войскаў, у тым ліку аснашчэнню новымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення, такімі як аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», зенітнай ракетнай сістэмай С-400.

Праведзена пераабсталяванне самалётаў Су-25 з магчымасцю прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння ў ядзерным абсталяванні. Вайскоўцы Рэспублікі Беларусь прайшлі навучанне на палігонах Расійскай Федэрацыі і атрымалі практычныя навыкі ў іх эксплуатацыі, гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з заяваю Хрэніна, «ва ўмовах невыканання гарантый бяспекі, дадзеных Рэспубліцы Беларусь у Будапешцкім мемарандуме 5 снежня 1994 года, а таксама бесперапыннай ваяўнічай рыторыкі, падмацаванай практычнымі дзеяннямі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з боку краін «калектыўнага» Захаду, па даручэнні кіраўнікоў нашых дзяржаў арганізавана работа па размяшчэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нестратэгічнай ядзернай зброі Расійскай Федэрацыі». 

Рэспубліка Беларусь і ў будучыні рашуча нацэлена на ўмацаванне і развіццё цеснага супрацоўніцтва ў інтарэсах забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы, сказаў Хрэнін.

Nashaniva.com