У цэнтры Мінска прадаецца прыватны драўляны дом больш чым стогадовага ўзросту
У самым цэнтры Мінска (раён Залатой Горкі) выставілі на продаж прыватны дом. Аказваецца, за прэстыжнымі сталінкамі і цаглянымі пяціпавярхоўкамі доўгія гады хаваўся апошні аскалёпак даваеннай эпохі — драўляны дом з вялікім участкам. Realt.by агледзеў гэтую пабудову і даведаўся, чым яна цікавая.
26.05.2023 / 16:36
Раён Залатой Горкі поўны кантрастаў. Літаральна за дзве хвіліны адсюль праходзіць праспект Незалежнасці, вакол жа — поўны спакой. У дварах квітнее бэз, усё патанае ў зеляніне, а цішыню парушаюць толькі мясцовыя каты.
Калісьці тут была гарадская ўскраіна, а цяпер мірна суседнічаюць сталінскі ампір, пасляваенныя трохпавярхоўкі і сучасныя офісы.
Менавіта тут у дварах хаваецца самы сапраўдны рарытэт — жылы дом 1911 года пабудовы па тэхпашпарце. Гледзячы на драўляны будынак з вялікім участкам, цяжка ўявіць, як яму ўдалося захавацца ў цэнтральнай частцы Мінска.
За сваю доўгую гісторыю дом перажыў некалькі войнаў, вытрымаў не адну рэканструкцыю і цудам пазбег зносу.
Капітальная забудова Залатой Горкі пачалася яшчэ перад вайной. Тады ўлады БССР заклапаціліся развіццём былога прадмесця, якое складалася пераважна з драўляных дамоў. У 1930-я гады ўздоўж вуліцы Савецкай (сучаснага праспекта Незалежнасці) сталі расці новыя будынкі.
Пасля вайны будаўніцтва ў гэтай частцы горада працягнулася яшчэ больш актыўнымі тэмпамі.
А некалькі гадоў таму гэтыя месцы стаў асвойваць забудоўшчык «Макраінжынірынг».
Што тычыцца апошняга прыватнага дома на Залатой Горцы, то яго жыхароў даўно адсялілі, аднак для самой пабудовы і яе тэрыторыі прымянення не знайшлося. Цяпер гэты дом шукае новых гаспадароў.
Блакаваны дом на дзве кватэры мае плошчу ў 83 квадратныя метры. У дадатак да яго ідзе зямельны ўчастак у 8,69 соткі. Сюды падведзеныя ўсе цэнтральныя камунікацыі — вада, газ, электрычнасць і каналізацыя.
Драўляная пабудова, якая стаіць не на ўзгорку, мяжуе з дзіцячым садам № 15, таксама побач знаходзяцца жылыя трохпавярхоўкі і адміністрацыйныя будынкі.
Мэтавае прызначэнне ўчастка — абслугоўванне блакіраванага жылога дома. Новы ўладальнік зможа правесці рамонт або рэканструкцыю дома на сваё меркаванне, можа жыць тут са сваёй сям'ёй або выкарыстоўваць пабудову для бізнэсу, перавёўшы яе ў нежылы фонд. Кошт дома — дагаворны.
Размяшчэнне дома — шыкоўнае. Ад Залатой Горкі можна пешшу дайсці да Камароўскага рынку, плошчы Перамогі, парку Горкага, філармоніі або ЦУМа. На праспекце Незалежнасці ў радыусе 500 метраў ад прыватнага дома размешчаныя дзясяткі разнастайных устаноў: ад дэмакратычных кавярняў да вядомых рэстаранаў. Таксама ў пешай даступнасці знаходзіцца Палац мастацтваў, дзе праходзяць розныя мастацкія выставы.
Чытайце таксама:
У доме для эліты БССР у Мінску прадаюць кватэру — там захавалася нават савецкае бідэ
Купілі сельскі клуб і перарабілі яго ў двухпавярховы дом. Атрымалася фантастычна
За кватэрамі каля Нацбібліятэкі выстраілася чарга, некаторыя дзяжурылі з выхадных