«У мяне ў галаве не ўкладваецца». Што выпускнікі і іх бацькі збіраюцца рабіць з вынікамі цэнтральнага экзамену?

Вынікі іспыту па беларускай і рускай мовах, апублікаваныя 29 мая, выклікалі шквал эмоцый у абітурыентаў і іх бацькоў. Яны сцвярджаюць, што падлікі няправільныя. Стварылі нават петыцыю. Але аспрэчваць гатовы не ўсе. «Сцяўшы зубы трэба прыняць, што ёсць».

30.05.2023 / 21:26

Выпускнікі запісваюцца на цэнтралізаваны экзамен. 14 мая 2023 год. Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Цэнтралізаваны экзамен у Беларусі сёлета праводзілі першы год. Кожны выпускнік здаваў адзін абавязковы іспыт: па рускай ці беларускай мове. Другі прадмет — па выбары. Заданні адаптавалі да базавага ўзроўню школьнай праграмы.

Вынікі абавязковага экзамену выклікалі масавую незадаволенасць выпускнікоў і бацькоў. 

«Мяне вельмі хвалюе, што няма ніякага тлумачэння гэтай сітуацыі. Я да гэтага часу не магу паверыць, што за год была распрацавана сістэма, якая пакідае столькі пытанняў і непаразуменняў», — абураецца адна з суразмоўніцаў «Нашай Нівы».

Рэакцыяй на памылкі з падлікамі цэнтралізаванага экзамену стала петыцыя выпускнікоў. Яны патрабуюць пераліку балаў па іспыце па беларускай мове і заклікаюць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў да адказнага стаўлення да сістэмы ацэньвання вынікаў.

«Гэта не адпавядае логіцы і нашым сапраўдным балам, — гаворыцца ў петыцыі. — Нас першапачаткова не азнаёмілі з сістэмай ацэньвання і як правільна вылічыць бал».

Выпускнікі абураныя, што дзяржаўная структура праігнаравала іх незадаволенасць і не прызнала памылкі.

«Калі вы не спраўляецеся са сваёй працаю, то альбо прызнайце гэта, альбо сыходзьце з пасадаў», — адзначаецца ў петыцыі.

Яе падпісала амаль 700 чалавек.

На цэнтралізаваным экзамене па дзяржаўных мовах. Фота: БелТА

Выпускнікі кажуць, што формула, паводле якой камісія падлічвала вынікі ім дакладна не вядомая. 

«У мяне ў галаве не ўкладваецца, як падлічвалі вынікі і як рашалі, колькі балаў здымаць за памылку. Пакуль гэта падобна на сістэму, у якой ты не маеш права на памылку. Ты мусіш быць робатам», — выказваецца адна з выпускніц, у якой «забралі 20 балаў» і яна не можа разабрацца, як так выйшла.

Паводле дзяўчыны, выпускнікі і іх бацькі змогуць дабіцца праўды, калі будуць дзейнічаць цяпер, пакуль не сталі друкаваць сертыфікаты аб здачы цэнтралізаванага экзамену.

«Хочацца верыць у справядлівасць і людзей, таму я вельмі спадзяюся ў прызнанні памылкі і пераразліку балаў», — кажа яшчэ адна выпускніца.

Адзін з бацькоў адзначае: усё, што маглі зрабіць незадаволеныя сітуацыяй людзі, зроблена ўчора «масавым пратэстам». Яго чыноўнікі Мінадукацыі стараліся спачатку не зважаць, а потым заявілі, што парушэнняў не было.

«На вуліцу не выйдзеш з абурэннем, бо сабе даражэй. Усё будзе залежыць не ад камісіі, ці Міністэрства адукацыі. Будзем чакаць. Але рэальна паўплываць на сітуацыю мы не можам. Не той час. Сцяўшы зубы трэба прыняць, што ёсць», — лічыць мужчына.

Скандал з экзаменам не абышоўся без умяшальніцтва Лукашэнкі.

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп'ютары», — адрэагаваў ён сёння.

Ігар Сергяенка, кіраўнік яго адміністрацыі, заявіў, што пастаўлена задача арганізаваць праверку арганізацыі цэнтралізаваных экзаменаў. Правераць і Мінадукацыі.

Напярэдадні міністр адукацыі Андрэй Іванец не бачыў праблемаў з цэнтралізаваным экзаменам. Чыноўнік назваў «поўным фэйкам» абвінавачванні ў памылковым падліку вынікаў.

«Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў», — страшыў Іванец.

Да масавай незадаволенасці вынікамі цэнтралізаванага экзамену Міністэрства адукацыі даводзіла, што новая форма атэстацыі выпускнікоў апраўдала сябе.

Першы цэнтралізаваны іспыт па рускай і беларускай мовах быў 14 мая. У ім прынялі ўдзел больш за 53 тысячы 11-класнікаў. Паводле агучаных вынікаў, пв рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай — 413 навучэнцаў.

У ведамстве адзначалі, што павелічэнне колькасці 100-бальных вынікаў у параўнанні з ЦТ у мінулыя гады тлумачыцца поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з вучэбнай праграмай, а таксама выключэннем заданняў пятага ўзроўню складанасці.

Глядзіце таксама:

Сертыфікаты ЦЭ і атэстаты выпускнікі 11-х класаў атрымаюць 10 чэрвеня

Мінадукацыі: адзнака за рэпетыцыю ЦЭ ні на што не паўплывае

Галоўная IT-ВНУ краіны распавяла, колькі студэнтаў плануе набраць сёлета

Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Васіль Вашчыла