Беларуская партыя «Зялёныя» падала ў Мінюст дакументы на перарэгістрацыю без спіса членаў

Прадстаўнік «Зялёных» адзначыў, што на сёння маецца супярэчнасць паміж законамі пра партыі і персанальнымі данымі, а нарматыўна-прававы акт, паводле якога ідзе перарэгістрацыя, не адпавядае Канстытуцыі. 

31.05.2023 / 15:33

Фота: «Вясна»

Спіс членаў партыі у дзяржорган не падаваўся. Суразмоўца «Позірка» патлумачыў гэта тым, што ў адпаведнасці з законам «Аб абароне персанальных даных» асабістыя звесткі, што тычацца палітычных поглядаў, «з'яўляюцца спецыяльнымі персанальнымі данымі», іх апрацоўка «без згоды суб'екта персанальных даных забараняецца і не можа быць ажыццёўлена без згоды ўсіх членаў партый».

«Мы не маем ілюзіяў, што пройдзем перарэгістрацыю. Асноўны матыў, чаму падалі дакументы, — не хочам самаліквідавацца. Мы хочам дайсці да Вярхоўнага суда», — паведаміла крыніцa ў партыі. 

Прадстаўнік «Зялёных» адзначыў, што на сёння маецца супярэчнасць паміж законамі пра партыі і персанальнымі данымі, а нарматыўна-прававы акт, паводле якога ідзе перарэгістрацыя, не адпавядае Канстытуцыі. 

Партыя хоча давесці справу да Вярхоўнага суда, каб суддзі «прынялі рашэнне па гэтых пытаннях і працэс быў галосным».

Раней дакументы на рэгістрацыю падала новаствораная партыя «Белая Русь», праўладная Камуністычная партыя Беларусі, паведамлялася, што будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю партыя «Справядлівы свет».

Nashaniva.com