У Расіі — масавае атручэнне сідрам. 16 чалавек памерлі

Колькасць пацярпелых ва Ульянаўскай вобласці ад атручвання сідрам вырасла да 43. Двое з іх непаўналетнія і адна цяжарная жанчына, паведамляюць «Известия». Загінулі 16 чалавек, 26 у бальніцы ў цяжкім стане.

05.06.2023 / 19:15

Выпадкі атручвання метанолам адбыліся адразу ў некалькіх абласцях Расіі. Найбольш трагічная сітуацыя ва Ульянаўскай вобласці. Там загінулі 16 чалавек.

Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі атруціліся сідрам маркі «Містэр сідр», вырабленым у Самарскай вобласці.

Расспажыўнагляд Расіі вынімае зараз сідр з крамаў.

Кампанія, якая разлівала «Містэр сідр», паведамляе Mash, мела пратэрмінаваную дэкларацыю аб чысціні свайго абсталявання, а яе ўладальнік ужо атрымліваў папярэджанне за гандаль алкаголем без ліцэнзіі. 

Улады заблакавалі па ўсёй Расіі абарот прадукцыі ТАА «Анди», якая вырабляла «Містэр сідр».

СК паведаміў, што справы аб атручванні напоем перадалі ў Галоўнае следчае ўпраўленне. Індывідуальны прадпрымальнік, чыя кампанія вырабляла сідр, затрыманы. 

ТАА «Анди» была зарэгістраваная ў канцы 2021 года, яе заснаваў Анар Гусейнаў, піша РБК. Паводле даных СМІ, затрыманы менавіта ён. У мінулым годзе чысты прыбытак кампаніі склаў 1,02 млн расійскіх рублёў. 

Па факце гібелі людзей распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 238 КК РФ (аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, што пацягнулі па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб), паведамілі ў Следчым камітэце.

Nashaniva.com