Страціла каля 15 кг, зарабляе 3 рублі. Якія апошнія навіны былі пра Марыю Калеснікаву, з якой тры месяцы няма сувязі

Прайшла тысяча дзён з таго часу, як у Мінску затрымалі Марыю Калеснікаву — адну з галоўных фігураў падзей 2020 года. Ужо тры месяцы пра яе, як і пра многіх іншых палітвязняў, няма ніякай інфармацыі. Больш за ўсё за Марыю перажываюць яе блізкія — тата і сястра. «Люстэрка» пагаварыла з яе сястрой — Таццянай Хоміч. 

05.06.2023 / 22:48

Таццяна Хоміч і Марыя Калеснікава. Фота: асабісты архіў Таццяны Хоміч

Таццяна кажа, што апошні ліст ад сястры сям'я атрымала 15 лютага. Гэта былі паштоўкі для таты. З таго часу ўсякая камунікацыя з Машай спынілася.

— Маша пісала, што атрымала лісты ад мяне і ад таты. Пісала, што татавы даходзяць лепш, чым мае. Прасіла не турбавацца пра яе здароўе: у калоніі ёй аказваюць медыцынскую дапамогу, яна прымае таблеткі. Перадавала велізарныя прывітанні ўсім родным, блізкім і сябрам. Прасіла бацьку берагчы сябе і казала, што ўсіх любіць. Была яшчэ маленькая паштовачка з адной фразай: «Татачка, усё будзе добра».

Тата пабачыў Марыю 5 снежня, адразу пасля аперацыі (у канцы лістапада мінулага года Марыю шпіталізавалі з калоніі з перытанітам, які ўзнік праз прабадзенне язвы). 

— Яна была яшчэ вельмі слабая, але бадзёра ўсміхалася. Гэта была іх першая сустрэча за два гады, калі можна было абняць адно аднаго. Раней яны маглі бачыцца толькі праз шкло ў пакоі для спатканняў у калоніі або праз клетку ў зале суда.

Таццяна распавядае, што ў канцы студзеня — пачатку лютага ўжо ў калоніі з Машай змог сустрэцца адвакат.

Ёй рабілася лепш, але было заўважна, што яна страціла шмат вагі. Казала, каля 15 кг.

Таццяна гаворыць, што кансультавалася з доктарам, і той сказаў, што Машы пасля аперацыі патрэбная спецыяльная дыета.

— Мне страшна за сястру. Тры месяцы ніякай інфармацыі. Не ведаю, што і думаць.

Яна гаворыць, што да турмы ў Марыі не было праблем са страўнікам.

У сакавіку сям'я даведалася, што Маша знаходзіцца ў ПКТ (рэжым у памяшканні камернага тыпу — больш строгі, чым у агульнай калоніі. Зняволеным дазваляюць траціць менш грошай на пакупкі ў турэмнай краме, іх выводзяць на 30-хвілінны шпацыр адзін раз на дзень. — Заўв. рэд.).

— Думаю, яна па-ранейшаму там, — гаворыць Таццяна. 

Яна распавяла, што з самага пачатку ў калоніі Машы не дазваляюць камунікаваць з іншымі жанчынамі, а ім — з Машай.

Яе пастаянна суправаджае хтосьці з ахоўнікаў. Нават у прыбіральню.

Маша носіць на вопратцы жоўтую бірку (гэта азначае, што яе паставілі на прафулік як схільную да небяспечных дзеянняў.

Таксама Машы забаранілі займацца спортам. Зусім. «Гэта вялікі ўдар, таму што яна — актыўны чалавек, любіць падтрымліваць сябе ў форме».

У таты было адно кароткатэрміновае спатканне (4 гадзіны) з ёй у кастрычніку 2022 года. Хоць такіх спатканняў мусіць быць некалькі на год. Яшчэ зняволеным належыць адно доўгатэрміновае — на суткі і даўжэй. Але адміністрацыя калоніі кожны раз знаходзіла прычыны, каб адмаўляць Машы.

— Надуманыя падставы: штрафы за тое, што яна нібыта нагрубіла камусьці, кагосьці перабіла. Штрафы назапашваюцца, і чалавека пазбаўляюць сустрэчаў, званкоў, перадач. 

Маша хацела атрымліваць дыстанцыйную адукацыю ў калоніі, але ёй адмовілі.

Там ёсць бібліятэка, але няма часу чытаць. Працоўны графік — 6 дзён на тыдзень (а часам і 7) па 6−7 гадзін. Пасля працы часта дадатковыя нарады: прыборка тэрыторыі, дапамога на кухні і да т.п.

Сям'я справабала перадаць Машы флейту (Марыя Калеснікава — прафесійная музыка, грае на флейце), але «правілы ў турмах простыя: дазволена перадаваць толькі тое, што ёсць у спісе для перадачаў». Музычных інструментаў там няма.

Марыя працуе ў калоніі швачкай.

— Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў яна нават прасоўвалася па «кар'ернай» лесвіцы (смяецца). Ёй павышалі разрад. Думаю, у нейкі момант адміністрацыя зразумела, што кар’ера Машы занадта імклівая — і перастала даваць разрады. Асаблівых дэталяў не ведаю. Маша казала, што праца вельмі аднастайная, — распавядае Таццяна. 

На пытанне, ці плацяць за працу, Таццяна кажа:

— Маша называла лічбу — не больш за 3 рублі ў месяц.

 Хоміч гаворыць, што беларусы ёй з татам пішуць, але «ўсё менш і менш».

Марыя Калеснікава з бацькам Аляксандрам Калеснікавым. Фота: прэс-служба Віктара Бабарыкі

— Самы вялікі водгук быў адразу пасля Машынага затрымання ў 2020 годзе. Сотні паведамленняў за месяц. Потым было некалькі ўсплёскаў цікавасці: калі Машы вынеслі прысуд, калі яна трапіла ў бальніцу. Але з часам падтрымка змяншаецца, і гэта вельмі горка.

 У калоніі Машы людзі пішуць, але ёй лісты не не даходзяць.

— У лютым у нас знікла сувязь з Машай, але на той момант ёй ужо год не прыходзілі лісты ні ад когда, акрамя блізкіх. Адвакат спрабуе прарваць гэтую блакаду, але беспаспяхова.

Чытайце таксама:

Халатран пра тое, што ў штабе Бабарыкі рабіў Васкрасенскі і ці магла б Калеснікава стаць прэзідэнтам

1000 дзён за кратамі знаходзіцца Марыя Калеснікава

Назіральная камісія не знайшла ніякіх парушэнняў у калоніі, дзе ўтрымлівалі Віктара Бабарыку

«А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім». Алег Груздзіловіч пра СІЗА і калонію, дзе адна дзяржаўная мова

Nashaniva.com