У Германіі беларус загінуў, вучачы дзяўчыну плаваць на возеры

У нямецкай зямлі Саксонія ў выніку інцыдэнту на возеры Шладзіцэр-Зэе памёр 33-гадовы беларус. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на нямецкія СМІ.

08.06.2023 / 22:55

Ратавальніцкая машына. Фота: facebook.com/feuerwehrbiesen

Трагедыя адбылася 4 чэрвеня. Нядзельным днём у невялікай затоцы пад назвай Шладзіцэр-Бухт знаходзіліся сотні людзей, бо было цудоўнае надвор'е.

Каля 14.30 адна з купальшчыц, 26-гадовая ўкраінка, паклікала на дапамогу. Людзі выцягнулі яе на бераг. Апынуўшыся ў бяспецы, жанчына паведаміла, што была ў вадзе разам са сваім сябрам-беларусам. Хлопец хацеў навучыць яе плаваць, але ў нейкі момант сам пайшоў на дно.

Верталёт, які прыбыў на месца трагедыі. Фота: facebook.com/feuerwehrbiesen

Ратавальнікі хутка знайшлі цела мужчыны, паднялі яго з глыбіні каля трох метраў і пачалі рэанімацыйныя мерапрыемствы. На выратавальным верталёце прыляцеў і лекар. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, беларус неўзабаве памёр у бальніцы.

Пракуратура прыняла рашэнне правесці аўтапсію, бо адносна прычын, якія выклікалі трагедыю, ёсць сумневы.

Nashaniva.com