Кіраўнік анексаванага Крыма прадказаў змену мэтаў «ваеннай аперацыі» ва Украіне

Калі частка Украіны не пройдзе дэмілітарызацыю, то яе хутка прымуць у NATO і ЕС, і Расіі будзе складана наладзіць з гэтай дзяржавай адносіны, мяркуе Аксёнаў. На ягоную думку, мэты Масквы будуць змененыя.

09.06.2023 / 10:23

Сяргей Аксёнаў. Фота: Kremlin.ru

Мэты вайсковай аперацыі (так расійскае кіраўніцтва і прапаганда называюць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну) будуць змененыя, заявіў кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў, піша РБК.

«Мэты там павінен пазначыць лідар, ён іх акрэсліць так ці інакш, гэта значыць канчаткова. Ну, яны пазначаныя, мэты [спецыяльнай ваеннай аперацыі]. Уладзімір Уладзіміравіч пра іх увесь час кажа. Аднак, сітуацыя мяняецца штодня, думаю, што ўсё ж такі і мэты будуць так ці інакш скарэктаваныя, я асабіста не сумняваюся», — сказаў Аксёнаў.

З яго слоў, ён «першапачаткова» лічыў, што калі значная частка Украіны застанецца не дэмілітарызаванай, гэтая частка хутка ўступіць у NATO, Еўрасаюз і гэтак далей, і далей нам з імі наогул будзе цяжка пра нешта казаць, нешта будаваць і ўсё астатняе».

На пытанне тэлевядучага аб пераважным і найбольш верагодным варыянце развіцця падзей, «дзе гэтыя межы, як гэта можа выглядаць», Аксёнаў назваў гэтае пытанне «балючым». Ён адмовіўся даць вычарпальны адказ публічна.

Аддаючы загад на поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну 24 лютага 2022 года Пуцін у якасці мэтаў назваў «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Украіны, а таксама «абарону» мірнага насельніцтва Данбаса ад «генацыду».

Пазней ён сказаў, што фінальная мэта — «вызваленне Данбаса, абарона гэтых людзей і стварэнне ўмоў, якія гарантавалі б бяспеку самой Расіі».

У верасні ён назваў намерам Масквы ліквідацыю «антырасійскага анклава», які, на яго думку, ствараецца ва Украіне.

Nashaniva.com