Памёр Канстанцін Баландзін

Гісторыку і выкладчыку было 77 гадоў.

10.06.2023 / 14:36

Фота: прэс-служба БНТУ

Канстанцін Іванавіч Баландзін, кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» памёр на 78-м годзе жыцця, паведамляе прэс-служба БНТУ, дзе працаваў прафесар.

Канстанцін Баладзін скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут у 1973 годзе і паступіў у аспірантуру Беларускага політэхнічнага інстытута. З тых часоў практычна паўстагоддзя яго жыццё было непарыўна звязана з БНТУ: аспірант, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, намеснік сакратара партыйнага камітэта ВНУ, загадчык кафедры, прарэктар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

З 2010 па 2022 год працаваў на пасадзе прафесара кафедры «гісторыя беларускай дзяржаўнасці». З'яўляецца аўтарам больш за 125 публікацый: манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, брашур, артыкулаў. 

«Яшчэ адзін нумар тэлефона зрабіўся непатрэбным, — на той свет не дазваніцца. Быў час, мы даволі часта сустракаліся. Сагрэцца чаем у размовах, а то і чым мацнейшым, не паўлітрамі, канешне.

І ў кабінеце галоўнага корпуса Палітэха, і ў вучэбным корпусе на Партызанскім праспекце.

З ім цікава было гутарыць, бо і за тытуламі афіцыйнымі, і за арганізацыяй рытуальных ідэалагічных абавязкаў праглядвала беларуская душа, і цяга к чыстаму.

Здаралася, ездзілі на Віцебшчыну да сяброў збіраць грыбы, пасядзець на беразе возера.

Пару месяцаў таму, мо крыху болей, планавалі зноў ірвануць туды, за Плешчаніцы.

Не склалася больш. І пра смерць Кастуся Іванавіча даведаўся пасля пахавання. І няма ў каго спытаць, дзе пахавалі, бо гэта той від сяброўства, калі адзін на адзін. Дачка ягоная даўно ў Нарвегіі, бацька вельмі ганарыўся, што яна там здолела стаць знакамітым выкладчыкам мовы, менавіта, нарвежскай.

Пакуль самі жывыя, то і памяць пра добрых людзей будзе жыць», — напісаў адзін з яго сяброў у фэйсбуку.

Nashaniva.com