Дзяўчынцы ў чэшскай школе плюнулі ў твар, бо яна ўкраінка. Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з ёй, каб падтрымаць

Выпадак булінгу ўкраінскай дзяўчынкі ў чэшскай школе стаў рэзанансным.

11.06.2023 / 16:15

Фота: твітар @prezidentpavel

Падчас экскурсіі да Паліны з Корасценя пачалі чапляцца аднакласнікі. Яе пыталі, ці яна расіянка. Калі дзяўчынка адказала, што ўкраінка, яе пачалі зневажаць і плюнулі ў твар. Відэа гэтага ў сацсеткі выклала мама Паліны.

«Украіна ёсць ку*ва. Украіна дурная. Расія лепшая. Расія мацнейшая», — казалі дзеці.

Паліна ім у адказ заявіла, што «Расія — гэта г**но». 

Украінская амбасада ў Чэхіі тады апублікавала заяву, у якой асудзіла такія дзеянні.

Учора прэзідэнт Чэхіі Пётр Павэл учора сустрэўся з Палінай.

«Я асуджаю здзекі, прыніжэнні і гвалт у школах у цэлым. А ў выпадку з дзіцем, якому з-за вайны давялося пакінуць сваю краіну і сяброў і якому мы прапанавалі прытулак, гэта асабліва ганебна. Я цаню рэакцыю школы і бацькоў і тое, што былі прабачэнні. Але шнары на душы застануцца», — напісаў прэзідэнт у твітары.

Nashaniva.com