Сабачая мода. Якія беларускія брэнды ствараюць стыльнае адзенне для хатнiх гадаванцаў

Многія ўладальнікі сабак не шкадуюць сродкаў на камфорт сваіх гадаванцаў і набываюць ім дажджавікі і мілыя куртачкі. Паглядзелі, у якіх беларускіх брэндаў можна зладзіць шопінг для свайго любiмага сабакі ці ката.

23.07.2023 / 16:46

Ідэя ўпрыгожваць свойскіх жывёл з'явілася ў Англіі ў другой палове XVIII стагоддзя. Да гэтага адзенне для сабак таксама існавала, але насіла выключна ўтылітарны характар: шыпаваныя камізэлькі абаранялі гадаванцаў падчас бою, а лёзы, замацаваныя на гуньцы, дапамагалі iм вырвацца з лап мядзведзя падчас палявання. Але менавіта пры двары англiйскай каралевы Вікторыі на адзенне гадаванцаў звярнулі ўвагу з пункту гледжання моды. Прыдворныя дамы прыбіралі сваіх сабак у дарагія карункі і ўпрыгожвалі ашыйнікамі з каштоўнымі камянямі. Прыйсці на свецкі раўт з неапранутым сабачкам лічылася прыкметай благога тону.

Сёння сабачая мода перажывае чарговы бум, якi звязаны з пандэміяй Covid-19. Падчас каранціну продаж вырабаў для жывёл біў усе рэкорды, што не дзіўна: у некаторых краінах прагулка з сабакам была ледзь не адзінай легальнай падставай выйсці з дому, і, каб гадаванец мог гуляць доўга, яго прыходзілася ўцяпляць. Хоць сёння пік «пандэмійнага шопінгу» застаўся ў мінулым, але звычка купляць абноўкі любімцам засталася. Калі вы хочаце парадаваць вашага чатырохногага абноўкай made in Belarus, прыгледзьцеся да брэндаў з нашай падборкі.

Elema

Уцепленыя камбінезоны, стыльныя гунькі і камізэлькі прапануе тэкстыльны гігант «Элема». Мадэлі вытворцы ўпрыгожаныя арыгінальнымі дэталямі: кішэнямі, футрам, прынтамі і надпісамі.

Фота: сайт брэнда

Апрануць любімца ва ўбор ад «Элемы» змогуць уладальнікі як мініяцюрных, так і вялiкiх парод сабак: у апісанні калекцыі пазначаны шырокі памерны шэраг — ад XS да 4XL.

«Гю-вас»

Яшчэ адзін буйны вытворца сабачых рэчаў знаходзіцца ў Мінску. У асартыменце сталічнага брэнда можна знайсці не толькі адзенне, але яшчэ цацкі, ляжанкі і прыстасаванні для тачэння кіпцюроў — словам, усё, чым можна парадаваць свайго чатырохногага.

Фота: сайт брэнда

Адзначым афармленне сайта «Гю-вас» — плюшавая такса-мадэль, якая дэманструе калекцыі, здаецца нам асабліва крэатыўнай.

Lentochka

Лук для гадаванца можна вырабіць на замову — такая опцыя важная не толькі аматарам унікальных рэчаў, але таксама і ўладальнікам сабак, якія маюць нестандартныя параметры. Пашывам такога адзення займаецца віцебскае атэлье Lentochka. У інстаграме брэнда можна знайсці прыклады работ: камбінезоны, сукенкі і нават зімовыя боцікі.

Фота: інстаграм брэнда

Sonita Style

Адзенне па індывідуальных мерках вырабляе і Sonita Style — мінскі брэнд адшывае куртачкі, камізэлькі і яркія худзі. Дызайнеры клапоцяцца аб камфорце сваіх «кліентаў» — рэчы на ​​дажджлівы сезон вырабленыя з непрамакальнай тканіны і ўцепленыя флісавай падшэўкай. Заказаць убор для гадаванца можна ў любы пункт свету — брэнд прапануе сваiм пакупнiкам міжнародную дастаўку.

Фота: інстаграм брэнда

Knits Doggy

Яшчэ адзін эксклюзіў для свойскіх жывёл — швэдры, камізэлькі і камбінезоны ручнога вырабу. Цiкава, што рэчы для сваіх улюбёнцаў у Knits Doggy знойдуць і аматары катоў — іх гадаванцам прапануюцца мілыя шапачкі на завязках i кофты.

Фота: інстаграм брэнда

Любіце сваіх жывёл і памятайце, што мы нясём адказнасць за тых, каго прыручылі, у тым ліку за іх гардэроб.

Чытайце таксама:

У Мінску з'явілася ўстанова, дзе можна пагуляць з вожыкамі

10 сукенак беларускіх брэндаў, якія выратуюць у летнюю спёку

Пад Берлінам амаль два дні шукалі львіцу, а яна аказалася дзіком

Nashaniva.com