«Гэта сапраўднае шанцаванне». На раскопках у Полацку знайшлі скандынаўскую зашпільку XI стагоддзя ў форме для адліўкі

На тэрыторыі стадыёна «Спартак» у Полацку, дзе ў жніўні выявілі сярэднявечны квартал ювеліраў, днямі знайшлі ўнікальны артэфакт. Паводле інфармацыі газеты «Полацкі веснік», раскапалі скандынаўскую фібулу (зашпільку) з высакаякаснай латуні ў форме для адліўкі, якая датуецца XI стагоддзем.

29.09.2023 / 16:43

Кіраўнік раскопак, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай Аляксей Коц адзначыў:

«Асаблівасць гэтай знаходкі ў тым, што выраб быў у форме для адліўкі, а гэта рэдкасць. Таму што формы былі керамічнымі або глінянымі, і да таго ж аднаразовымі. Бо для таго, каб атрымаць з іх ювелірны выраб, саму форму трэба было разламаць. Таму гэта сапраўднае шанцаванне выявіць такі артэфакт — фібулу ў форме з гліны».

Ён дадаў, што выраб знойдзены зусім побач з ювелірнай майстэрняй, і гэта сведчыць, што іх выраблялі тут у Полацку. Археолаг удакладніў, што ўпрыгожванне з'яўляецца маркерам менавіта скандынаўскай культуры, таму што крывіцкія жанчыны такія дарагія рэчы не насілі.

Акрамя таго, падчас раскопак знайшлі і мноства іншых артэфактаў, якія пацвярджаюць наяўнасць у Полацку ювелірнай вытворчасці, напрыклад, шалі і гіркі, металічную форму для адліўкі падвесак.

Сярод іншых знаходак — бутэроль ( ніжняя частка похваў), візантыйскія манеты часоў імператара Нікіфара II Фокі, больш за дзве сотні караляў ХІ стагоддзя і дзесяткі бурштынавых загатовак.

Чытайце таксама:

«Нашы пошукі мураванкі мелі і ўтылітарную мэту». Археолаг расказаў пра сёлетняе сенсацыйнае адкрыццё на Крэўскім замку

Падчас раскопак на месцы старога Менска знайшлі манету, якой 1250 гадоў

Сонечны гадзіннік адшукаўся ў Іўеўскім раёне

«Не разлічвала, што ў гэтай хаце змагу знайсці нешта з 500-гадовай гісторыяй». Беларуска адшукала на лецішчы дзіўны камень

Nashaniva.com