У Гомелі асудзілі на пяць гадоў мясцовага прадпрымальніка-палітвязня

Гомельскі абласны суд 2 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе мясцовага прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), піша «Вясна».

04.10.2023 / 18:47

Валянцін Штэрмер. Фота з сацыяльных сетак

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, палітзняволенага Валянціна Штэрмера затрымалі 9 чэрвеня 2023 года за «8 каментароў на тэму расійскай агрэсіі з абразамі грамадзян Расіі», чым ён нібыта «паспрабаваў распаліць нацыянальную варожасць». Таксама паведамляецца аб пакінутых абразах у дачыненні да Лукашэнкі. 

Да арышту Валянцін Штэрмер быў дырэктарам ТАА «Авангардбізнэсрэсурс», а таксама з'яўляўся заснавальнікам камерцыйных фірмаў у Расіі.

Суд прызнаў Штэрмера вінаватым ва ўваходжанні ў склад «экстрэмісцкага фармавання» ў мэтах здзяйснення «злачынства экстрэмісцкай накіраванасці» і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады.

Ён жа прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці, і на падставе ч.1 арт. 130 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады.

Таксама ён прызнаны вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі і на падставе ч. 1 арт.368 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады.

Шляхам частковага складання, канчаткова суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Сяргей Багінскі.

Чытайце таксама:

«Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця». Журналіст Павел Мажэйка патлумачыў матывы паводзін на судзе

Гродзенскага святара аштрафавалі за падпіску на інстаграм земляка і забралі тэлефон

ГУБАЗіК затрымаў трактарыста за вымпел з «Пагоняй»

Палітвязня Ягора Лянкевіча перавялі на турэмны рэжым

Nashaniva.com