У гэтай узроставай групе ў Беларусі колькасць хворых на ВРВІ вышэй у два разы

«Гэта звязана з пэўнай модай апранацца», — кажа галоўны санітарны доктар Беларусі.

21.10.2023 / 11:05

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

У Беларусі зараз адзначаецца высокае захворванне на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі сярод падлеткаў 15-17 гадоў, распавёў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка, піша БелТА.

«У асноўным мы зараз рэгіструем высокае захворванне сярод падлеткаў 15—17 гадоў. Гэта звязваю з пэўнай модай апранацца. Сярод гэтай групы насельніцтва захворванне вышэй у два разы, — сказаў Аляксандр Тарасенка. — Але з улікам прыняцця прафілактычных мер, я думаю, што і па гэтай групе, і па насельніцтву нам удасца стрымаць сітуацыю».

Намеснік міністра аховы здароўя разлічвае, што захворванне ў гэтым эпідэмічным сезоне будзе не вышэй, чым летась. Пачынаючы з 2011 года, калі штогод сталі праводзіць кампанію па вакцынацыі супраць грыпу, адзначаецца станоўчая тэндэнцыя.

«Чым больш прышчэплена насельніцтва, тым менш захворванне на грып», — удакладніў ён.

Па словах Аляксандра Тарасенкі, на сёння захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі стабілізавалася. Да гэтага быў рост, звязаны з заканчэннем канікул, выхадам з адпачынкаў.

«Сфармаваліся калектывы — і адзначаўся рост. Гэта штогадовая сітуацыя. Але калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то паказчыкі захворвання ніжэйшыя», — заўважыў Аляксандр Тарасенка.

Ён удакладніў, што за мінулы тыдзень паказчык захворвання склаў 1260 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

Кампанія вакцынацыі супраць грыпу стартавала ў верасні. За кошт бюджэту прышчапляюць трохвалентнай вакцынай для прафілактыкі грыпу расійскай вытворчасці.

За ўласныя грошы можна прышчапіцца вакцынамі «Ваксігрып Тэтра» (Францыя) і чатырохвалентнай «Інфлювак Тэтра» (Швейцарыя).

«Усе яны прайшлі рэгістрацыю, паказалі сваю эфектыўнасць», — падкрэсліў намеснік міністра.

Чытайце таксама:

У Беларусі можна зрабіць тэст на схільнасць да захворванняў

Стала вядома, калі ў Беларусі з'явіцца свая вакцына ад грыпу

У Мінску пачаўся сезон вакцынацыі ад грыпу і кавіду

«Вірус нікуды не знік». Мінздароўя папярэджвае пра важнасць вакцынацыі супраць грыпу і кавіду

Nashaniva.com