Жанчына чула ў вуху дзіўныя гукі — «бесперапынны шум, пстрыканне і шоргат». Вось што гэта было

Цікавая медычная гісторыя здарылася на Тайвані. Паводле справаздачы, апублікаванай у New England Journal of Medicine, 64-гадовая пацыентка наведала клініку оталарынгалогіі («вуха-горла-нос») пасля таго, як цягам чатырох дзён запар чула дзіўныя гукі ў левым вуху. Гэтыя гукі яна апісвала як «бесперапынны шум, пстрыканне і шоргат», гукі не дазвалялі жанчыне добра выспацца.

30.10.2023 / 10:30

Фота: Liyin Weng and Tengchin Wang / New England Journal of Medicine

Яна таксама ўспомніла, як прачнулася ад «адчування, што нешта рухаецца ў левым вуху» ў першы дзень, калі з'явіліся сімптомы.

І сапраўды, калі лекары аглядзелі пацыентку, яны хутка заўважылі маленькага павука, які проста займаўся сваімі справамі ў вушным канале.

На жаль, насякомыя і павукападобныя, якія трапляюць у чалавечыя вушы — гэта не нешта нечуванае. І хоць, здаецца, няма нейкіх аналітычных даных пра тое, як часта адбываецца запаўзанне жывых істот у вушы, — гэта даволі частая сітуацыя, з якой сутыкаюцца лекары. Напрыклад, у 2018 годзе ЛОР-лекар з клінікі пры University of Alabama ў Бірмінгеме распавядаў, што ў ягонай практыцы назіраецца каля чатырох-пяці такіх выпадкаў у год, згадвае Gizmodo.

Гэты ж канкрэтны выпадак на Тайвані быў сапраўды цікавым не толькі яшчэ і тым, што павук пакінуў пасля сябе. Адзін з дактароў прызнаўся, што да гэтага не бачыў і павука, і яго скінуты экзашкілет у вуху адначасова. 

Думаць пра такое часам жахліва, але вушныя казуркі звычайна не выклікаюць сур'ёзных медычных праблемы (хоць іх трэба выдаляць як мага хутчэй, каб пазбегнуць рызыкі пашкоджання вуха або інфекцыі). У апошнім выпадку лекары выкарысталі аспірацыйную канюлю (спецыяльную трубку, якая ўсмоктвае) праз атаскоп, каб высмактаць павука і яго «скінутую вопратку». У выніку жанчына «шчаслівая пайшла дадому». Пра далейшы лёс павука, на жаль, нічога невядома.

Што рабіць, калі такое здарылася 

Калі вам калі-небудзь не пашанцавала мець справу з вашым уласным вушным паўзуном, самае важнае, што трэба мець на ўвазе, — гэта не панікаваць.

Катэгарычна не рэкамендуецца ўтыкаць што-небудзь яшчэ ўнутр, спрабуючы дастаць жука: напрыклад, ватная палачка можа толькі заштурхнуць істоту глыбей унутр, дзе яна можа пракалоць барабанную перапонку. 

Часам у вушы заліваюць алей ці гатаваную ваду, тады жучок і мурашка пачынаюць інстынктыўна выплываць. Але так не рэкамендуецца рабіць, калі ёсць падазрэнне на пашкоджанне барабаннай перапонкі.

Найлепш жа ў такім выпадку — як мага хутчэй звярнуцца да доктара, хаця б ужо толькі для таго, каб пераканацца, што ваша вуха не пашкоджана і ў ім не застаецца прадуктаў жыццядзейнасці чужога стварэння.

Чытайце таксама:

Новы сродак ад праблем з эрэкцыяй — яд павука

Андрэй Павук расказаў, як перад ім выбачалася даносчыца

Нарэшце знойдзены павук, якога ўкусіў Пітэр Паркер

Nashaniva.com