Беларуская майстрыха ў Вільні стварае бчб-упрыгожванні, а палову прыбытку данаціць Палку Каліноўскага

Свае першыя ўпрыгожванні Юлія стварыла падчас пандэміі каранавіруса. Яна шукала, чым можна адцягнуць сваю ўвагу ад навін. Менавіта тады пабачыла анлайн-курс па стварэнні брошак з бісеру. Не доўга думаючы, жанчына купіла курс і прынялася асвойваць вышыўку бісерам.

04.11.2023 / 17:55

Фота: асабісты архіў Юліі Чарняковай

Да таго моманту яна дзесяць гадоў працавала журналісткай, потым сям’я пераехала з Мінска ў Магілёў, атрымалася, што Юлія Чарнякова стала хатняй гаспадыняй. Яна спрабавала пячы торты на замову, а потым знайшла сябе ў стварэнні ўпрыгожанняў. Спачатку гэта было хобі, якое паступова перарасло ў крыніцу заробку.

Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты пасля фальсіфікацыі выбараў, Юлія пачала ствараць тэматычныя брошкі, прысвечаныя падзеям — напрыклад, бчб-парасоны, якія сталі адным з сімвалаў пратэсных маршаў.

Фота: інстаграму Юліі Чарняковай

— Наогул, натхненне да мяне прыходзіць рознымі шляхамі. Можа быць проста добры настрой, і хочацца зрабіць нешта на тэму прыроды, напрыклад. Але часта на мяне ўплываюць падзеі навокал, якія хочацца неяк адрэфлексіраваць з дапамогай творчасці. У 2020 годзе мяне вельмі натхнілі масавыя жаночыя маршы. З'явілася ідэя стварыць калекцыю жаночых вобразаў беларускай рэвалюцыі — так з’явіліся дзевяць брошак калекцыі «Femina кроў надзеі».

У Вільню мастачка пераехала ў 2021 годзе, ратуючыся ад пераследу. Пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне і быў сфарміраваны Полк Каліноўскага, Юлія вырашыла, што стане пералічваць палову прыбытку ад продажу мадэлей з калекцыі «Femina кроў надзеі».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Yuliya Cherniakova (@chernika.julia)

Нягледзячы на тое, што з моманту апошніх масавых пратэсных маршаў прайшло некалькі гадоў, мастачка зноў і зноў стварае бчб-упрыгожванні — кажа, што душа патрабуе.

— Яны не губляюць актуальнасць. Часам людзі прыходзяць і пытаюцца адразу: «А што ў вас ёсць пратэснай тэматыкі?» Я разумею, што ва ўсіх тэма Беларусі баліць, і людзі шукаюць магчымасці прадэманстраваць, што яны працягваюць знаходзіцца ў гэтым парадку дня.

Калі быў настрой павесяліцца, Юлія стварыла бчб-бранзалеты з трыма чарапахамі (па матывах легендарнай песні N.R.M.), а таксама коцікамі (згадаўшы выраз «беларусы — коцікі», які не раз гучаў у 2020 годзе).

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Yuliya Cherniakova (@chernika.julia)

Адказваючы на пытанне аб тым, колькі часу трэба на стварэнне адной брошкі, Юлія адзначае, што ўсё залежыць ад складанасці.

 — У сярэднім на брошку ці завушніцы трэба каля двух-трох дзён. Але, напрыклад, тыя складаныя брошкі, якія ёсць у калекцыі «Femina кроў надзеі», патрабуюць значна больш часу. Там сустракаюцца жаночыя твары, якія бывае даводзіцца перарабляць па некалькі разоў. Самая складаная з іх — гэта брошка «Ягня», на яе сышло каля двух тыдняў. Гэтая брошка трохскладовая — дзяўчына на руках трымае маленькае ягня. Для мяне гэта сімвал той ахвяры, якую беларускія жанчыны прынеслі рэвалюцыі.

Чытайце таксама:

«Самае складанае і цікавае — роспіс тварыкаў». Беларуска стварае з ваты душэўныя калядныя цацкі

«Паўтарыць свой жа шэдэўр кропля ў кроплю проста немагчыма». Беларуска робіць салодкія букеты, якія не адрозніш ад сапраўдных

«Беларускі кошык — гэта асобны сусвет». Майстрыха расказала пра старажытныя традыцыі лозапляцення

Nashaniva.com