З Мінска ў Стамбул можна будзе даляцець на дзве гадзіны хутчэй, чым цяпер. Як такое магчыма?

Турэцкая авіякампанія Southwest Airlines запускае прамыя рэйсы па напрамку Стамбул-Мінск. І яны займаюць менш часу, чым у Belavia.

14.12.2023 / 21:41

На сайце турэцкай авіакампаніі Southwind Airlines з'явіліся білеты на рэйс з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Стамбул.

Час пералёту — 3 гадзіны 45 хвілін. Гэта на 2 гадзіны хутчэй, чым прапануе Belavia. Прычына, верагодна, у тым, што Belavia аблятае Украіну над тэрыторыяй Расіі, а Southwind Airlines будзе аблятаць яе ўздоўж мяжы па тэрыторыі Польшчы. Напрыклад, аналагічным чынам выконваюць пералёты самалёты авіякампаніі Turkish Airlines (з Беларусі кампанія цяпер не робіць рэйсы).

Такі шлях нашмат карацейшы за той, якім вымушаныя лётаць самалёты авіакампаніі Belavia. Нагадаем, што ў адказ на прымусовую пасадку ў Мінску самалёта кампаніі Ryanair, на борце якога знаходзіліся Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, Belavia забаранілі лётаць над тэрыторыяй ЕС. 

Фота: скрыншот з сайта belavia.by

Пералёт з Belavia займае 5 гадзін 40 хвілін. Квіткі на вылет з Мінска ў Стамбул на 23 снежня каштуюць ад 678 рублёў.

Першы вылет са Стамбула ў Мінск кампаніі Southwind Airlines запланаваны на 22 снежня. Першы рэйс па маршруце Мінск-Стамбул дасяжны на 23 снежня.

Фота: скрыншот з сайта southwindairlines.com

На бягучы момант цана білета ў адзін бок у турэцкай авіакампаніі пачынаецца з 203 еўра (прыкладна столькі ж, колькі ў беларускай авіякампаніі).

Nashaniva.com