У аўтамабілі, які прыбыў у Латвію з Беларусі, знайшлі тайнікі на дыстанцыйным кіраванні

Супрацоўнікі мытнага ўпраўлення Службы дзярждаходаў Латвіі (VID) пры праверцы легкавога аўтамабіля, які прыбыў з Беларусі, выявілі тайнікі, у якіх спрабавалі правезці 1800 пачкаў кантрабандных цыгарэт.

18.12.2023 / 15:52

Фота: VID

Мытнікі адзначылі, што тайнікі працавалі з дапамогай пульта дыстанцыйнага кіравання, піша Delfi.lv.

14 снежня на КПП «Патэрніекі» (з беларускага боку — «Грыгараўшчына») з Беларусі заехаў аўтамабіль, якім кіраваў грамадзянін Літвы.

Супрацоўнікі мытні накіравалі машыну на рэнтген. Аналізуючы атрыманыя выявы, супрацоўнікі Службы дзярждаходаў западозрылі, што ў канструкцыі кузава можа быць схаваны незадэклараваны тавар. Да праверкі далучыўся кінолаг з сабакам, навучаным пошуку тытунёвых вырабаў.

У выніку мытнікі выявілі, у транспартным сродку спецыяльна абсталяваныя схованкі. Яны размяшчаліся па абедзвюх сценках багажнага аддзялення пад ашалёўкай і былі абсталяваныя электроннымі перамыкачамі, якія дазваляюць адкрываць іх дыстанцыйна.

Мытнікам удалося канфіскаваць 16 000 цыгарэт «НЗ Gold» і 20 000 цыгарэт «Мінск capital QS» з беларускімі акцызнымі маркамі.

Nashaniva.com