У Вільні беларусаў заклікалі да ўдзелу ў патрыятычным шэсці літоўцаў. Але гучаць перасцярогі, што там не будуць рады беларускай калоне
Летась у шэсці беларусы бралі ўдзел і эксцэсаў не было.
16.02.2024 / 18:37
Вільня, 2023 год, марш на Дзень аднаўлення дзяржаўнасці Літвы. Ілюстрацыйнае фота: madeinvilnius.lt
16 лютага літоўцы адзначаюць Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы. Сярод мноства ўрачыстасцяў у Вільні пройдзе штогадовы маладзёжны марш Pro Patria. Сёлета ён традыцыйна пачнецца ад помніка аднаму з падпісантаў акта аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці Ёнасу Басанавічусу.
Удзельнікі з паходнямі, нацыянальнай атрыбутыкай пройдуць цэнтральнымі вуліцамі літоўскай сталіцы.
Рух беларускіх нацыяналістаў прапанаваў далучыцца да іх беларускай калонай з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Чытач «Нашай Нівы» выказаў занепакой меркаваным удзелам у шэсці беларусаў.
На яго думку, літоўцы наўрад ці будуць радыя бачыць «якуюсьці беларускую калону з бел-чырвона-белымі сцягамі».
У Руху ўстрымаліся адказваць на пытанне, ці апраўданы занепакой чытача наконт магчымых на маршы непаразуменняў з літоўцамі. Аднак суразмоўца адзначыў, што летась канфліктаў не было.
«У мінулым годзе нашы хлопцы таксама ў ім удзельнічалі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Тады яшчэ не было Руху, але да прадстаўнікоў Беларусі на гэтым шэсці ўсе ставіліся добра», — адзначае прадстаўнік Руху.
Актывіст запэўнівае, што і сёлета не павінна быць ніякіх канфліктаў.
«Мы гістарычна блізкія і сяброўскія народы, да таго ж маем агульнага ворага — імперскую Расію. Паміж намі ў прынцыпе не можа і не павінна быць ніякіх канфліктаў і супярэчнасцяў», — лічыць ён.
Паводле яго, «сённяшні марш не ўльтранацыялістычны, а патрыятычны». Нацыяналістычнае шэсце літоўцы праводзяць у іншы дзень.
Сёлета святочныя ўрачыстасці ў пятніцу і наступныя два выхадныя пройдуць пад узмоцненым кантролем паліцыі.
Глядзіце таксама:
У Вільні прайшоў маштабны антываенны марш і мітынг. ФОТЫ
Як адзначаюць стагоддзе абвяшчэння незалежнасці краіны колішняй Расейскай Імперыі