«Вось і вісіць кватэра баластам: крэдыт — 1800 рублёў на месяц». Айцішнікі расказалі пра кінутыя ў Беларусі кватэры

Ужо амаль паўгода як беларусы могуць праводзіць угоды з маёмасцю толькі пры асабістым звароце або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі. Devby.io паразмаўляў з айцішнікамі-рэлакантамі, у якіх тут «завіслі» кватэры — ані прадаць, ані вярнуцца і жыць у іх.

23.02.2024 / 13:04

«З’язджалі з думкай, што будзем катацца туды-сюды, але на працу прыйшлі данат-спісы»

— У нас двухпакаёвая кватэра ў адным з ЖК Мінска: купілі ў крэдыт, зрабілі пад сябе рамонт — уклалі ўсю душу і шмат грошай. 

У выніку паспелі пажыць у ёй каля года, а потым прынялі рашэнне пераехаць у Польшчу, бо на працы паставілі ўмову: альбо рэлакацыя, альбо бэнч — што роўна скарачэнню ў будучыні. 

Мы з’язджалі з думкай, што будзем катацца туды-сюды, таму нават не падумалі зрабіць даверанасці. А праз пару месяцаў на працу ў беларускі офіс прыйшлі данат-спісы, у якія трапіў і я. Ад тых часоў у Беларусь мы не ездзілі.

Калегі са спіса схадзілі на гутаркі — і ў іх, быццам бы, усё акей. Але калі чытаеш навіны, што пры вяртанні ў Беларусь затрымліваюць і саджаюць за данаты, — ехаць ужо не хочаш. 

Вось і вісіць кватэра баластам: даводзіцца аплачваць камуналку і плаціць за крэдыт — а гэта каля 1800 рублёў на месяц. Калі б была магчымасць перааформіць яе, гэта б многае спрасціла. Хутчэй за ўсё, мы б яе прадалі — і ўсё на гэтым.

У цэлым часам там могуць жыць нашыя родныя, калі прыязджаюць у Мінск. Здаваць кватэру мы ніколі не хацелі — складана пусціць кагосьці чужога ў сваё гняздо. Плюс мы думалі, што зможам вярнуцца, спадзяваліся, што сітуацыя зменіцца. 

«Грашыма ад здачы гасім частку іпатэкі — не цалкам усё, але большую частку»

— Хацелася б прадаць нерухомасць у Беларусі, але, на жаль, гэта немагчыма зрабіць, не наведваючы краіны.

Неўзабаве будзе два гады, як мы з’ехалі. Даверанасці не афармлялі, бо збіраліся хутка. Плюс першы год жыцця ў эміграцыі нават думаць не хацелі, што прыйдзецца прадаваць жытло, на якое мы працавалі апошнія 7 гадоў.

Мы купілі кватэру ў жніўні 2020 года — у нас тры пакоі і гасцёўня з кухняй (лічыце, еўрачатырохпакаёўка). Зрабілі рамонт, хоць і недарагі, але для сябе. Пражылі ў ёй год… Цяпер там жывуць іншыя людзі. Мама змагла аформіць у ЖЭСе дамову нават без даверанасці — ужо і не ведаю, як ёй удалося гэта. Грашыма ад здачы кватэры мы гасім частку іпатэкі — не цалкам усё, на жаль, але большую частку.

Праз некаторы час мы даспелі да таго, каб прадаць кватэру, бо грошы патрэбнейшыя. Аформілі даверанасць за мяжой, але тут выйшаў указ, што яны не прымаюцца.

«У тэорыi вярнуцца магу, але ж некалькі сяброў сядзяць»

— У мяне ў Беларусi «завісла» кватэра, дакладней яе частка — гэта спадчына ад памерлага бацькі. 

Кватэра падзеленая памiж дзецьмі ад першага і другога шлюбу. Я думаў або выкупiць яе цалкам, або прадаць разам з астатнiмi ўладальнiкамi — а грошы падзялiць. Але ж выйшла так, што цяпер прыходзiцца штомесяц плацiць камуналку недзе рублёў па 30-40 на месяц, пакуль там жывуць іншыя людзі.

Я ў Літве. Калi з’язджаў увосень 2023-га, не паспеў зрабіць аніякіх дакументаў. А цяпер вярнуцца не магу (у тэорыi гэта магчыма, але ж некалькі сяброў сядзяць — таму гэта не зусім бяспечна), і прадаць кватэру, атрымоўваецца, таксама не магу. 

I нават кватарантаў у сваю частку пусцiць не магу, бо трэба падпiсаць дамову ў ЖЭСе, а без дамовы — вiтанкi ад падатковай.

Не скажу, што астатнія ўладальнікі кватэры сталiся закладнiкамi сiтуацыi — яны не вельмi жадалi яе прадаваць, бо жылi там. Iм наадварот добра: я там не жыву, але ж камуналку аплачваю, бо мне дадатковай увагі з боку дзяржавы не трэба. 

Чытайце таксама:

Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень

Аднапакаёвыя кватэры ў Мінску патаннелі — нетыповая сітуацыя 

Ад 13 да 20 квадратаў. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя маленькія кватэры ў Беларусі

Nashaniva.com