Зяленскі пра правал контрнаступу: планы Украіны былі на стале ў Крамлі яшчэ да пачатку

Узброеныя сілы Украіны ўжо маюць новы план контрнаступлення. Аднак пра яго будуць ведаць толькі некалькі чалавек у дзяржаве. Пра гэта прэзідэнт Украіны заявіў падчас прэс-канферэнцыі. 

25.02.2024 / 20:51

У Зяленскага спыталі, ці будзе Украіна рабіць яшчэ адно контрнаступленне і як ён будзе дзейнічаць.

«Галоўнае — мець план. І гэты план ёсць. Я не змагу вам сказаць дэталі гэтага плана. Я растлумачу вам: чым менш людзей ведаюць планы ўкраінскага войска, тым хутчэйшай будзе перамога і нечаканы вынік для расіян», — расказаў Зяленскі.

У той жа час ён заявіў, што план контрнаступлення Украіны ў 2023 годзе, на жаль, быў вядомы расіянам яшчэ да яго пачатку. «Скажу шчыра, нашы контрнаступальныя дзеянні ў мінулым годзе былі на стале Крамля яшчэ да таго, як пачаліся контрнаступальныя дзеянні. Кропка», — сказаў Зяленскі.

Улетку 2023 года ўкраінскія вайскоўцы пачалі контрнаступленне на поўдні і ўсходзе Украіны. УСУ ўдалося вызваліць больш за дзясятак населеных пунктаў у Запарожскай і Данецкай абласцях. Але галоўнай мэты — прасоўвання да Азоўскага мора — не ўдалося дасягнуць.

Nashaniva.com