Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання на 0,5% да 13%

15.02.2010 / 17:35

Нацыянальны банк Беларусі з 17 лютага зніжае стаўку рэфінансавання на 0,5 працэнтнага пункта да 13% гадавых.

Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны. Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка (пастанова ад 15.02.2010 №14).

Адначасова на 1 працэнтны пункт зніжаюцца стаўкі Нацбанка па пастаянна даступных аперацыях рэгулявання ліквіднасці банкаў.

У Нацбанку патлумачылі, што гэтая мера рэалізаваная ў рамках палітыкі паступовага зніжэння агульнага ўзроўню працэнтных ставак, якая праводзіцца на фоне ўзмацнення пазітыўных тэндэнцый у эканоміцы і фінансавай сферы краіны. Зніжэнне кошту запазычанняў пашырыць магчымасці беларускіх прадпрыемстваў і насельніцтва па прыцягненні банкаўскіх крэдытаў і будзе спрыяць павышэнню тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі.

З 1 снежня 2009 года стаўка рэфінансавання ў Беларусі складае 13,5% гадавых.