Прынц Чарльз наведае Белавежскую пушчу

09.03.2010 / 16:16

Яго каралеўская высокасць Чарльз, прынц Уэльскі, разам з жонкай Камілай, герцагіняй Карнуольскай, маюць намер на наступным тыдні наведаць Белавежскую пушчу — рэліктавы першабытны лес на мяжы Польшчы і Беларусі. Наведаюць яны Пушчу па польскі бок мяжы.

Агенцтва цытуе адну з прадстаўніц кіраўніцтва сумежнага зь Беларуссю Падляшскага ваяводства Польшчы Ёланту Гадэк.

Паводле яе слоў, прынц Чарльз і яго жонка выказалі жаданне ўбачыць «белавежскіх зуброў у іх унікальным прыродным асяроддзі». Яны даўно чулі пра гэты ўнікальны першабытны лес, які ў дагістарычныя часы распасціраўся на ўсю Еўропу, а цяпер захаваўся толькі на беларуска‑польскай мяжы, у Белавежскім рэгіёне. Тут жыве і самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў (каля 450 з польскага боку і 350 — з беларускага). Яны — радня амерыканскім бізонам і знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Прадстаўнікі каралеўскай дынастыі таксама маюць наведаць і невялікую вёску на польска‑беларускай мяжы — Крушыняны. Тут жывуць нашчадкі татараў, якія апынуліся ў гэтых мясцінах пры канцы 17 стагоддзя. Прынца і яго жонку цікавіць, як адчувае сябе татарская меншасць, карэннае мусульманскае насельніцтва ў краіне, дзе пераважаюць рымска‑каталіцкія традыцыі.