На поўдні Кіргізіі адбываюцца сутычкі прыхільнікаў і праціўнікаў ураду

13.05.2010 / 13:02

На цэнтральнай плошчы горада Ош у паўднёвай частцы Кіргізіі сабраліся прыхільнікі і праціўнікі часовага ўраду. Паміж імі раз-пораз узнікаюць сутычкі.

Па стане на 11.50 мясцовага часу ў будынак абласной адміністрацыі праніклі апазіцыянеры, якія патрабуюць вяртання ўлады ў рэгіёне ранейшаму губернатару Мамасадыку Бакіраву і яго першаму намесніку Айтмамату Кадырбаеву.

«Цяпер будынак занялі прыхільнікі ранейшай улады. Сам выканальнік абавязкаў кіраўніка рэгіёну Сааранбай Жэенбаеў знаходзіцца сярод мітынгоўцаў», — паведамляе 24.kg са спасылкай на ГУУС.

Міліцыя, якая знаходзіцца ў цэнтры падзей, не ўмешваецца ў тое, што адбываецца. У ГУУС Оша таксама паведамляюць, што «паводле папярэдніх дадзеных, зброі ва ўдзельнікаў акцыі няма». Паводле ацэнкі супрацоўнікаў органаў правапарадку, цяпер у цэнтры Оша на мітынгу — каля дзвюх тысяч чалавек, аднак колькасць мітынгоўцаў павялічваецца.

Раней чыноўнікі адміністрацыі вобласці паведамлялі, што новым губернатарам мітынгоўцы абвясцілі Эгемебрдзі Мырзабекава.