Шнобелеўскую прэмію — «герою»!

Злодзей‑рэцыдывіст скраў барсетку, пакінуў на месцы злачынства тэлефон, а затым прынёс у міліцыю заяву пра яго крадзёж.

25.05.2010 / 17:01

Даволі кур’ёзнымі аказаліся абставіны нядаўняга крадзяжу ў Першамайскім раёне Мінска.

Як расказалі ў ГУУС Мінгарвыканкама, прывабленыя адно адным маладыя людзі пакінулі без увагі на лаўцы ў Севастопальскім парку барсетку, што належала хлопцу. Выпадковы прахожы (раней неаднаразова судзімы за крадзяжы і рабаванні) скарыстаўся гэтым, украў чужую рэч і кінуўся ўцякаць. Толькі пасля гэтага закаханыя звярнулі на яго ўвагу, аднак дагнаць злачынца хлопцу не атрымалася.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, агледзелі тэрыторыю і знайшлі ў кустах недалёка ад лаўкі згубленыя злодзеем мабільны тэлефон‑слайдэр і пачку цыгарэт. Праз некаторы час асоба злачынцы стала вядомая, але раніцай ён сам з’явіўся ў дзяжурную часць Першамайскага РУУС. Праўда, не з пакаяннем, а з заявай пра крадзеж мабільнага тэлефона, які міліцыянеры яму адразу ж і прадэманстравалі.

Барсетку вярнулі гаспадару з усім начыннем, а ў дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа.