Жыхар Баранавічаў парваў кашулю міліцыянту і кінуўся на яго з кулакамі

26.05.2010 / 11:58

Здарэнне адбылося ў вёсцы Русіны, куды прыехаў гараджанін да сваёй знаёмай.

Там «госць» учыніў такую сварку, што суседзі выклікалі ўчастковага. Міліцыянт, які не мог трапіць у кватэру, з якой даносіліся крыкі жанчыны, выламаў дзверы. Ужо там, у вёсцы, парушальнік хацеў ударыць стража парадку па твары, але той хутка «супакоіў» яго.

Калі яго даставілі ў наркалагічны дыспансер для абследавання, там ён і злаўчыўся парваць на міліцыянту кашулю і ўдарыць яго. Кідаўся з кулакамі затрыманы і на дактароў.

Як высветлілася, мужчына ўжо аднойчы адбываў пакаранне за злачынства. Пракуратура горада вырашае, ці пачынаць крымінальную справу з гэтай нагоды.