Мечыслаў Грыб таксама збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

01.06.2010 / 16:30

Мечыслаў Грыб заявіў пра гатоўнасць узяць удзел у будучай прэзідэнцкай кампаніі. Пра гэта ён заявіў на прэзідыуме Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада).

Больш падрабязна ход падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі абмяркуе Цэнтральны Камітэт Грамады ў канцы чэрвеня, а затым — з’езд партыі, запланаваны на канец верасня — пачатак кастрычніка.

Члены прэзідыума падтрымалі ідэю вылучэння адзінага кандыдата. Калі гэтага дамагчыся не атрымаецца, партыя можа вылучыць свайго, партыйнага кандыдата. Ці ж падтрымаць іншага кандыдата. На сённяшні момант два члены ЦК заявілі пра гатоўнасць удзельнічаць у кампаніі: Мечыслаў Грыб і Валеры Фралоў», — адзначыў старшыня партыі Анатоль Ляўковіч, паведамляе Беларускі партызан.

Мечыславу Грыбу — 72 гады, са студзеня 1994 па студзень 1996 года — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Падчас выбарчай кампаніі 2006 года быў у штабе Аляксандра Казуліна.

***

Нагадаем, што ў панядзелак пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі заявіў намеснік старшыні БСДП (Грамада) генерал Валер Фралоў.