Вільня вачыма Багдановіча, Булгака, Раманюка

У Літве выйшаў мастацкі альбом, прысвечаны сталіцы. У ім ёсць і творы беларускіх аўтараў.

06.07.2010 / 12:18

Такой кнігі вы яшчэ не бачылі. Такой кнігі яшчэ не было.

Вільня на здымках Дзяніса Раманюка.

Вільня на здымках Дзяніса Раманюка.

Пад адной дыхтоўнай вокладкай, у футарале, сабраныя 240 класічных фота тузіна аўтараў і тэксты звыш як 80 аўтараў, прысвечаныя Вільні. Сярод таго збору ёсць і здымкі беларускага фотамайстра Дзяніса Раманюка, а сярод тэкстаў, адным з першых, змешчаны верш Максіма Багдановіча:

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!

Вір людскі скрозь заліў паясы тротуараў...

Так, усе тэксты, пачынаючы ад пісанага лацінай ліста Гедыміна, 1323 г., прадстаўленыя на мовах арыгіналаў — па-беларуску, польску, расейску, на ідыш. А затым — у перакладах. Дарэчы, і сама кніга выйшла двума паралельнымі накладамі — літоўскім і англійскім.

Сярод працаў славутых фатографаў ХІХ стагоддзя тут ёсць фота Язэпа Чаховіча, які здымаў яшчэ паўстанцаў Каліноўскага; з пачатку ХХ — шмат здымкаў Яна Булгака;
літоўскія класікі Вітаўтас Аўгусцінас, Арунас Бальценас, Рымантас Дзіхавічюс… Перад намі паўстае ўражлівая панарама ў прасторы і часе: сады і праспекты, храмы і хаты.

Яшчэ ў кнізе змешчаныя эсэ пра Вільню Томаса Венцлавы і Чэслава Мілаша. Тут ёсць краязнаўчая даведка, зробленая Адамам Кіркорам. Тут ёсць запісы Паўла Кукальніка і Ганны Дастаеўскай. Ёсць у гэтай цяжкой кнізе Чэстэртан і Кановіч, Тапароў і Гары, а нават Пілсудскі!

Падчас прэзэнтацыі ў Ніжняй троннай зале толькі ўзноўленага віленскага Ніжняга замка, Томас Венцлава заўважыў, што якую кнігу пра Вільню ні выдай, пра кожную можна будзе сказаць, што такой не было. І праўда: у нашым стагоддзі такой кнігі, з беларускімі аўтарамі, яшчэ не было. Цяпер кожны зможа яе ўбачыць у віленскіх кнігарнях.

VILNIUS: miesto portretas. – Vilnius: "R. Paknio leidykla", 2010

Сяргей Харэўскі